Крэмль: Пуцін ня будзе размаўляць зь Зяленскім пра Данбас

«Дыялёг можа тычыцца толькі пытаньня двухбаковых адносінаў», — сказаў Дзьмітрый Пяскоў

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа абмяркоўваць са сваім украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім пытаньні двухбаковых адносінаў, але не сытуацыю на Данбасе, заявіў прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў.

Паводле яго, у Крамлі ўхваляюць ініцыятыву прэзыдэнта Ўкраіны аб правядзеньні сустрэчы з Пуціным. Пры гэтым Пяскоў заявіў, што Пуцін «выразна выклаў» стаўленьне да зьместу гэтага дыялёгу.

«Такі дыялёг можа тычыцца толькі праблематыкі двухбаковых адносінаў... Шчыра кажучы, калі мы правільна зразумелі, прэзыдэнт Украіны казаў менавіта пра тое, што Данбас трэба абмяркоўваць і для гэтага патрэбная сустрэча... Таму ў любым выпадку павінна быць высьветлена яшчэ шмат дэталяў», – сказаў прадстаўнік Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны заклікаў Захад прадэманстраваць гатоўнасьць увесьці новыя санкцыі супраць Расеі

Напярэдадні прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што падрыхтоўка ягонай сустрэчы з Пуціным працягваецца: «Мне здаецца, усё ідзе да таго, што гэтая сустрэча адбудзецца». Пры гэтым Зяленскі дадаў, што мае значэньне зьмест размовы, а ня месца, дзе яе праводзіць.

Раней ён прапанаваў расейскаму прэзыдэнту сустрэцца на Данбасе, а Пуцін сказаў, што гатовы да сустрэчы ў Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заклікаў Пуціна сустрэцца на Данбасе