Прызэр Алімпійскіх гульняў Краўчанка абвясьціў галадоўку на знак салідарнасьці з палітвязьнямі

Дзесяціборац Андрэй Краўчанка

Акрамя таго, славуты атлет выставіў на аўкцыён свой залаты мэдаль з чэмпіянату Эўропы ў лёгкай атлетыцы.

Перад пачаткам галадоўкі Андрэй Краўчанка ўзгадаў гісторыю свайго затрыманьня і 10-суткавага арышту, піша Беларускі фонд спартовай салідарнасьці.

«8 лістапада 2020 мяне затрымалі на стаянцы ў цэнтры Менску і дасталі проста з машыны. Памятаю ўдар у скронь, боль ад сьцяжак на руках, 14 гадзін тварам да сьцяны ў РУУС і паездку ў Жодзіна. А для сваіх родных я тады проста зьнік. Чатыры дні ў майго адваката не было ніякай інфармацыі пра тое, дзе я і што са мной».

Калі дэталі і месцазнаходжаньне ўсё ж удалося высьветліць — гэта ня вельмі дапамагло. За ўвесь час знаходжаньня вядомага спартоўца ў Жодзіна ён не атрымаў ніводнай перадачы: ні прадуктаў, ні цёплых рэчаў, ні зубной шчоткі. Акрамя таго, Краўчанка за кратамі захварэў на каранавірус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прымусілі прысесьці 400 разоў». Як абыходзяцца зь вядомымі спартоўцамі ў ІЧУ

Краўчанка патлумачыў, чаму пачаў галадоўку. Яго палохае тое, што арышты ператварыліся ў штодзённасьць. А за кратамі сядзяць сапраўдныя людзі — гэта іх рэальнае жыцьцё, паламаныя жыцьці іх сем’яў.

«Я ведаю, як цяжка зараз сем’ям палітвязьняў. Таму я вырашыў выставіць на аўкцыён свой залаты мэдаль чэмпіянату Эўропы ў памяшканьнях, каб дапамагчы ім. Яна для мяне дарагая — я заваяваў яе, выступаючы з сур’ёзнай траўмай. На разьмінцы перад самым стартам я ледзь не прыняў рашэньне зьняцца са спаборніцтваў, але скрозь боль дайшоў да самага канца і выйграў. Тады было балюча. Але ў сто разоў больш балюча цяпер. Менавіта таму я таксама ў знак салідарнасьці з палітвязьнямі вырашыў абвясьціць 10-дзённую галадоўку».

Краўчанка адзначыў, што не заклікае нікога сьледаваць ягонаму прыкладу галадоўкі, але яму самому ўжо «цяжка пераварыць гэтую жахлівую беларускую рэчаіснасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захаваць здароўе да перамогі». Алякандра Герасіменя — пра «Зборную здаровага ладу жыцьця»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў актывіста Фонду спартовай салідарнасьці прайшоў ператрус
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Залаты мэдаль Аляксандры Герасімені з чэмпіянату сьвету 2012 году прадалі за 16 100 даляраў