Суд адхіліў хадайніцтвы Паўла Сьпірына аб выкліку яго на працэс для ўдзелу ў разглядзе справы і допыце сьведак Шылава і Аўчарова. Супраць выступіў пракурор, які заявіў, што ў апэляцыйнай скарзе Сьпірын падрабязна выклаў свае «дастаткова абгрунтаваныя» довады аб нязгодзе з рашэньнем суду першай інстанцыі, таму адсутнічаюць падставы для выкліку Сьпірына ў суд. Таксама ён заявіў, што допыт Шылава і Аўчарова ня ёсьць прадметам даказваньня ў гэтай крымінальнай справе і тычыцца прымяненьня да іх «нібыта гвалту з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў».
Судовая калегія падтрымала пазыцыю пракурора.
Сьпірын у сваёй скарзе прасіў адмяніць прысуд і спыніць крымінальны перасьлед праз адсутнасьць у ягоных дзеяньнях складу злачынства. Ён сьцьвярджае, што ў ягоных блогах зьмяшчаецца крытыка чыноўнікаў, на што мае права кожны грамадзянін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вяртаньне пасылкі было для мяне ўдарам». Што адбываецца ў зьняволеньні з палітвязьнямі Паўлам Сьпірыным і Вольгай КласкоўскайУ відэаблогу «Жудасная тайна генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» ён апісвае падзеі, зьвязаныя з жорсткім прымяненьнем гвалту да асобаў, нязгодных з падлікам галасоў на выбарах. Пра такія абставіны яму паведамлялі канкрэтныя людзі, да якіх прымяняўся гвалт. Аднак у іх допыце суд, на думку Сьпірына, «беспадстаўна адмовіў».
Паводле Сьпірына, высновы дзяржаўнага экспэрта пра наяўнасьць у фільме «Грань» завуаляваных заклікаў да гвалту зьяўляюцца домысламі і ня могуць быць пакладзены ў аснову прысуду. А дапытаныя ў судзе сьведкі не заяўлялі, што гэты фільм заахвоціў іх да гвалту.
У сваёй апэляцыйнай скарзе Павал Сьпірын заявіў пра празьмерную жорсткасьць прызначанага яму пакараньня. Ён дадаў, што суд беспадстаўна не прымяніў да яго амністыю ў сувязі з 75-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годзьдзем перамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта маразм, калі забруджаная зямля „ачышчаецца“ ўказам». Блогер Павук пра загартоўку ЧарнобылемЗа што асудзілі блогера?
Палітвязень, блогер Павал Сьпірын 5 лютага асуджаны Менскім гарадзкім судом на 4 з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яго ўтрыміваюць у СІЗА на Валадарскага.
Яго абвінавацілі паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасьці».
Паўлу Сьпірыну прад’явілі абвінавачаньне за два відэаблогі на YouTube. Гэта фільм «Грань» пра наркагандаль у Беларусі, які занесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. А таксама блог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» пра падзеі 9 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб выжыць, трэба захоўваць добры настрой». Палітвязень з Магілёва — пра першы месяц «хіміі»У гарадзкім судзе Павал Сьпірын сказаў, што ягоныя відэа — гэта жорсткая крытыка ўладаў.
Павал падчас працэсу ў Менскім гарадзкім судзе адмовіўся ад паслуг адваката і абараняў сябе сам. Таму ён падаў хадайніцтва каб яго даставілі зь СІЗА ў Вярхоўны суд на разгляд апэляцыі.
Павал Сьпірын мае непаўналетняга сына.
На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах блогер заявіў пра свой намер балятавацца ў прэзыдэнты, аднак Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ГУБАЗіК хацеў зрабіць зь мяне „пацука“». Гісторыя жыхара Ліды, які ўцёк ад перасьледу зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 170 тамоў, шасьцёра абвінавачаных. Што вядома пра справу, па якой будуць судзіць Лосіка, Статкевіча і Ціханоўскага