Сьвятлана Ціханоўская 26 красавіка ў Вене сустрэлася з кіраўнікамі місій АБСЭ Вялікай Брытаніі, ЗША, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швэцыі і Эстоніі. Усе яны падтрымалі «маскоўскі мэханізм», — паведаміў тэлеграм-канал Ціханоўскай.
17 верасьня 2020 году 17 дзяржаў АБСЭ ўвялі ў дзеяньне «маскоўскі мэханізм» для разгляду меркаваных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Мэханізм дазваляе стварыць місіі экспэртаў для вывучэньня пагрозаў правам чалавека ў краінах, якія ўваходзяць у арганізацыю.
На сустрэчы сярод іншага абмеркавалі, якія краіны маглі б стаць пасярэднікамі ў вырашэньні беларускага крызісу.
Яна таксама папрасіла падтрымаць прапанову Бюро дэмакратыі і правоў чалавека АБСЭ наконт маніторынгу судоў. Ціханоўская лічыць, што незалежныя экспэрты павінны прысутнічаць на судах, каб не дапускаць беззаконьня.
«Менавіта АБСЭ можа дапамагчы вырашыць крызіс у Беларусі мірна. Бо наша краіна — сябра гэтай арганізацыі, і ў АБСЭ дастаткова досьведу і палітычнай волі, каб крызіс у Беларусі быў вырашаны», — адзначыла Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр сустрэлася з прадстаўнікамі штабу Віктара Бабарыкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што далі эўрапейскія канікулы дзецям Чарнобылю, у тым ліку Сьвятлане Ціханоўскай