У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 24 красавіка захварэлі 351 674 чалавекі, памерлі — 2 483, 342 102 паправіліся і выпісаліся.
Адным сказам:
- 26 красавіка ў Індыі пяты дзень фіксуецца рэкордная колькасьць новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі — амаль 353 тысячы за апошнія суткі.
- Дапамогу Індыі ў барацьбе з каранавірусам дэкляравалі ЗША, Вялікая Брытанія і Нямеччына, а таксама Эўракамісія.
- Эўракамісія дамовілася аб закупцы 1,8 мільярда доз вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі вытворчасьці нямецка-амэрыканскай BioNTech-Pfizer з дастаўкамі на пэрыяд 2021—2023 гг.
- 23 красавіка ў Нямеччыне ўступілі ў сілу больш жорсткія абмежаваньні ў сувязі з пандэміяй, у тым ліку будзе дзейнічаць камэнданцкі час з 22:00 да 05:00.
- З 26 красавіка Італія пачала зьмякчаць абмежаваньні ў сувязі з пандэміяй: будуць паступова адкрывацца рэстараны і бары, якія даюць наведнікам магчымасьць сядзець за столікамі на вуліцы.
- У ЗША з 24 красавіка адмянілі ранейшае прыпыненьне прышчэпак прэпаратам Johnson&Johnson.
У Оксфардзе будуць заражаць каранавірусам тых, хто ўжо адхварэў
Оксфардзкі ўнівэрсытэт 19 красавіка абвясьціў пра пачатак дасьледчага праекту, у рамках якога будуць заражаць вірусам SARS-CoV-2 маладых добраахвотнікаў, якія ўжо перахварэлі на каранавірус. Дасьледаваньне на людзях неабходна, каб высьветліць, які ўзровень імуннага адказу можа прадухіліць паўторнае заражэньне і як імунная сістэма адрэагуе на вірус другі раз.
Дасьледаваньне будзе праходзіць у два этапы — з рознымі групамі ўдзельнікаў на кожным. Падчас першага этапу, які пачнецца ў красавіку 2021-га, добраахвотнікі атрымаюць «мінімальную дозу» каранавірусу, заявілі ва ўнівэрсытэце. Для гэтага этапу дасьледнікам спатрэбяцца 64 добраахвотнікі ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў, а вірус, які выкарыстоўваецца ў дасьледаваньні, будзе зыходным варыянтам каранавірусу з кітайскага гораду Ўханю.
На другім этапе, які, як чакаецца, пачнецца летам 2021-га, усе ўдзельнікі будуць інфікаваныя «стандартызаванай дозай» вірусу, аб’ём якой плянуецца акрэсьліць на першым этапе. Поўная працягласьць дасьледаваньня складзе 12 месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адчуваеш сябе чалавекам, выкінутым за борт». У Беларусі пазбавілі многіх ільготаў ліквідатараў чарнобыльскай аварыі