Агулам на маршы 22 красавіка затрымалі каля 30 чалавек.
Увечары 22 красавіка ў менскім мікрараёне Малінаўка праходзіў дваровы марш, у якім бралі ўдзел ня менш за 30 чалавек. На вуліцы Бялецкага і праспэкце Любімава ўдзельнікаў акцыі ўжо чакала каля шасьці аўтобусаў з супрацоўнікамі міліцыі. Менчукоў пачалі затрымліваць і класьці тварам на зямлю, піша «Вясна».
У трох РУУС Менску, куды даставілі затрыманых, на ўсіх склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, а на некаторых склалі пратаколы і за непадпарадкаваньне (арт. 24.3 КаАП).
Пазьней менская міліцыя паведаміла, што на маршы затрымалі каля 30 чалавек. Праваабаронцам вядомыя вынікі 23 судоў:
- 16 чалавек пакаралі 15-дзённымі арыштамі;
- 5 чалавек па двух пратаколах арыштавалі на 30 сутак;
- 18-гадовага студэнта аштрафавалі на 870 рублёў;
- справы яшчэ дваіх менчукоў адправілі на дапрацоўку. Іх мусілі адпусьціць зь ІЧУ.