Пра падачу пазову ў суд паведаміў сам Дзьмітры Лаеўскі. 17 красавіка ягоную маці, дацэнта юрыдычнага факультэту БДУ Алену Лаеўскую, звольнілі з унівэрсытэту праз 22 гады працы.
Фармулёўка, зь якой кіраўніцтва БДУ разьвіталася з Лаеўскай: «У сувязі з заканчэньнем тэрміну дзеяньня кантракту». Адвакат лічыць, што ягоную маці звольнілі незаконна, бо ў Працоўным кодэксе замацаваны абавязак наймальніка падоўжыць кантракт з работнікам перадпэнсійнага веку.
Але ані рэктарат, ані прафкам не зрэагавалі на гэты пункт, а, паводле адваката, падрыхтоўка да звальненьня Алены Лаеўскай пачалася «моцна загадзя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З маці адваката Бабарыкі Лаеўскага ў БДУ не працягнулі кантракт. Раней звольнілі і ягонага бацьку«Калі галоўная ВНУ краіны палічыла магчымым не выконваць норму закону, а факультэт, які рыхтуе юрыстаў, прамаўчаў з нагоды звальненьня свайго выкладчыка насуперак вызначанай у законе гарантыі, то колькі яшчэ таленавітых выкладчыкаў зь юрыдычнага і іншых факультэтаў, ды і ў іншых ВНУ, могуць быць звольненыя такім жа чынам?» — спытаў Лаеўскі.
Алена Лаеўская зьяўляецца аўтаркай больш як 150 навуковых публікацый, пад яе кіраўніцтвам абаранілі 4 кандыдацкія дысэртацыі.
Раней, у сьнежні 2020-га, Лукашэнка адправіў у адстаўку з пасады судзьдзі Вярхоўнага суду і выключыў з Савету Рэспублікі Віталя Лаеўскага — бацьку Дзьмітрыя.
Дзьмітры Лаеўскі — адвакат палітзьняволеных Віктара Бабарыкі і Максіма Знака. У 2011 годзе ён абараняў Алеся Бяляцкага, які падпаў пад крымінальны перасьлед. У сакавіку адвакату аб’явілі вымову. У шэрагу іншых адвакатаў, якія працавалі ў «палітычных» справах, забралі ліцэнзіі, у тым ліку ў Людмілы Казак, Аляксандра Пыльчанкі, Сяргея Зікрацкага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дысцыплінарная камісія вынесла адвакату Бабарыкі і Знака Лаеўскаму вымову. За што — не сказалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На менскай «Камунарцы» звальняюць работнікаў, пакараных за ўдзел у акцыях