24 красавіка каля 19-й гадзіны міліцыя затрымала 13 жанчын і 7 мужчын у Жодзіне.
Паводле міліцыянтаў, затрыманыя «арганізавалі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з выкарыстаньнем пратэставай сымболікі».
Некаторых ужо ня раз судзілі за пратэсты.
УУС Менскага аблвыканкаму суправадзіла інфармацыю фатаграфіяй застольля і бел-чырвона-белага сьцяга, раскладзенага на падлозе.
Паводле «Белсату», здарэньне адбылося ў прыватнай лазьні.
Адна з жанчын, якая была сярод затрыманых, сьцьвярджае, што сымболікі ў наведнікаў не было. Яна расказала «Эўрарадыё», што на месцы затрыманьня былі начальнік Жодзінскага ГАУС Уладзімер Трацюк і ягоны намесьнік Міхаіл Мурашкін. Затрымлівалі наведнікаў амапаўцы.
Затрымалі таксама сына гаспадара лазьні.
«Спачатку сказалі — паступіла інфармацыя пра тое, што ў лазьні ўжывалі наркотыкі, таму давялося адправіць туды АМАП. Але праз пэўны час, пасьля таго, як частку затрыманых апыталі, пра наркотыкі супрацоўнікі згадваць перасталі і на агляд нікога не павезьлі. Затое склалі пратаколы пра ўдзел у масавым мерапрыемстве», — сказала жанчына.
Да раніцы выпусьцілі ўсіх жанчын, апроч адной. Усіх астатніх пакінулі ў ізалятары да суду.
Чацьвёра затрыманых абʼявілі галадоўку. Гэта Аляксандар Кавалёў, Яўген Літвінаў, Станіслаў Рэпкін і Яўген Шэляпень, паведамілі праваабаронцы «Вясны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штраф у 2900 рублёў і 15 сутак за ўчарашнія дваровыя маршы ў Малінаўцы і Новай Баравой ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара вёскі пад Менскам асудзілі за флюгер з Пагоняй і паштовую скрыню ў нацыянальных колерах