Слоўнічак: назвы інструмэнтаў па-беларуску. Анімацыя 

Назвы інструмэнтаў: рыдлёўка, гэбаль ды інш.

Як па-беларуску „ватерпас“, „рубанок“, „верстак“? Чым капáем і габлюем?

па-расейску — па-беларуску:

лопата — рыдлёўка
совковая лопата — шуфаль (або шуфель)
топор — сякера
уровень (ватерпас) ґрунтваґа
рубанок — гэбаль (або гэбель)
верстак (станок) — варштáт

ДЛЯ ЦІКАЎНЫХ — ПАДРАБЯЗНА:

1. Рыдлёўка і лапата — сынонімы ў літаратурнай мове. У дыялектах:

  • рыдлёўка ў сярэднебеларускіх гаворках і на ўсёй тэрыторыі;
  • лапата больш на ўсходзе;
  • жалязьняк, зелязьняк і падобныя — на поўдні і ўсходзе;
  • рыдзель на Віленшчыне.

Але ставяць у печ хлеб толькі на драўлянай лапаце.

У „сямействе лапáтных“ ёсьць і мянташка. Гэта слова-рэкардсмэн у беларускай безэквівалентнай лексыцы. На расейскую мову перакладаецца ажно пяцьцю словамі: ‘наждачная лопатка для точки косы’. Гук яд яе завецца словам мянціць, адсюль — мянціць языком.

2. Ад слова шуфаль/шуфель паходзіць шуфлік (рас. совок, але не ў сацыяльна-псыхалягічным значэньні ;-)).

3. Сякера і тапор — сынонімы ў літаратурнай мове. У некаторых гаворках разьмяжоўваюць значэньні: сякера (сакера) лёгкая, для абчэсваньня, тапор цяжкі, для сьсяканьня.

Рас. тесак — бел. склюд (шклюд, склют у дыялектах), цяжкая цясьлярская сякера для бярвеньня.

4. Поруч з ґрунтваґай у гаворках паўночнага захаду ёсьць васарваґа. Прычым усе гукі Ґ —выбухныя, як у слове ґанак.

5. Варштат традыцыйна азначае таксама ўсякі станок, у пераносным значэньні — месца працы: пісьменьніцкі варштат.

Шуфаль, ґрунтваґа, васарваґа, гэбаль, варштат — даўнія германізмы ў беларускай мове (як і многія іншыя, зьвязаныя з будаўніцтвам і рамёствамі).