Сёньня судзьдзя Дзьмітры Лукашэвіч прысудзіў Сяргею Міронаву 30 сутак адміністрацыйнага арышту па двух артыкулах КаАП («арганізацыя і правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства» і «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы»), паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Сяргея Міронава разам з маці, 60-гадовай Сьвятланай Чапурко, затрымалі ўчора падчас «хапуна» ў Малінаўцы. На іх склалі па два пратаколы: арт. 24.23 і 24.3 КаАП. Сьвятлану даставілі ў Кастрычніцкі РУУС, а Сяргея — у Фрунзэнскі.
Раніцай 23 красавіка судзьдзя Кастрычніцкага раёну Жывіца разгледзела справу Сьвятланы Чапурко. Паводле пратаколу, яна прыняла ўдзел у масавай акцыі на вуліцы Бялецкага, 40 і адмовілася прайсьці ў бус сілавікоў, пачала ўцякаць. Па словах самой Сьвятланы, у акцыі яна ня ўдзельнічала, а проста ішла дадому, прыпаркаваўшы непадалёк машыну. Судзьдзя адмовіла жанчыне ў выкліку сына ў якасьці законнага прадстаўніка, але, як стала вядома пазьней, Сяргей ня змог бы прадстаўляць інтарэсы маці ў судзе, бо яго таксама затрымалі, але на праспэкце Любімава, 35.
У выніку справу Сьвятланы Чапурко адправілі на дапрацоўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хлопотное дельце». Першае інтэрвію з тым самым героем мэмаў зь відэароліка МУСРабочы менскага прадпрыемства «Інтэграл» Сяргей Міронаў стаў вядомым пасьля затрыманьня 26 кастрычніка на вечаровай акцыі пратэсту. Падчас здымкаў міліцэйскага роліка, апублікаванага на наступны дзень пасьля затрыманьня, ён жартам сказаў, што «ўвогуле не хацеў страйкаваць, бо гэта «хлопотное дельце». Ролік хутка разышоўся па сетках, а фраза «хлопотное дельце» стаў мэмам.
Маці Сяргея Міронава Сьвятлану Чапурку ўжо двойчы каралі адміністрацыйнымі арыштамі на 12 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Сяргея Міронава, аўтара выразу «хлопотное дельце», пакаралі другім адміністрацыйным арыштам