У судзе Першамайскага раёну Менску 23 красавіка вынесены прысуд у крымінальнай справе, заведзенай на 30-гадовую Вольгу Насыр. Яе абвінавачваюць у публічнай абразе Лукашэнкі (частка 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу).
Судзьдзя Максім Трусевіч вынес прысуд адпаведна просьбе пракурора Ганны Лапянок — адзін год «хатняй хіміі».
Да суду жанчына знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе. Раней яна брала ўдзел у масавай акцыі 23 студзеня і была затрыманая на 3 сутак.
Згодна з матэрыяламі справы, Вольга Насыр у адным з Telegram-каналаў разьмясьціла выказваньні ў адрас Лукашэнкі з выкарыстаньнем ненарматыўнай лексыкі. Гэтая інфармацыя стала даступная неабмежаванаму колу карыстальнікаў сеціва. Сярод іншага назвала яго «вусатым тараканам».
Пасьля вывучэньня матэрыялаў справы на яе завялі справу паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Вольга разведзеная, мае дзіця 9 гадоў. Раней да крымінальнай адказнасьці не прыцягвалася. Віну прызнала цалкам, ва ўчыненым раскайваецца, кажа, што трэба было стрымаць эмоцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Начытаюся навінаў і не магу стрымаць выбуху эмоцый». За допісы ў тэлеграм-чаце пра Лукашэнку судзяць былую швачку зь Бешанковіч1,5 года «хіміі» за абразу начальніка Дзяржынскага РАУС
Суд Ельскага раёну Гомельскай вобласьці вынес прысуд у крымінальнай справе аб «абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ёй службовых абавязкаў» (арт.369 КК), паведамілі ў Вярхоўным судзе.
Судзілі 56-гадовага жыхара Ельску Аляксандра Бычкоўскага. Паводле абвінавачаньня, «у канцы верасьня 2020 году ў адной з сацыяльных сетак ён прагледзеў камэнтар, пакінуты пад раней разьмешчанай неўсталяванай асобай фатаграфіяй і асабістымі дадзенымі начальніка Дзяржынскага РАУС Менскай вобласьці Яўгена Жылінскага. Затым пакінуў і свой камэнтар, які зьмяшчае абразы ў адрас апошняга».
Мужчыну прызналі вінаватым і асудзілі на 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хімію». Таксама на карысьць пацярпелага абвінавачаны мусіць выплаціць 1 500 рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду. Прысуд яшчэ можна апратэставаць.
2 гады «хіміі» бацьку чатырох дзяцей за абразу міліцыянта ў закрытым чаце
У Воршы вынесьлі прысуд Максіму Шаўлінскаму — яго абвінавацілі ў паклёпе на міліцыянта. Пасьля выбараў у працоўным чаце адной гандлёвай кампаніі людзі абмяркоўвалі падзеі ў краіне. Нехта скінуў фатаздымак міліцыянта Дзьмітрыя Вішнеўскага. Работнікі ў запале тых падзеяў нэгатыўна выказаліся і пра самога міліцыянта і пра тое, што адбывалася, піша orsha.eu.
Спачатку асудзілі іншага супрацоўніка дадзенай гандлёвай кампаніі — Арцёма Кандрацьева, яго адправілі на 1,5 года «хіміі». Пасьля пачалі разглядаць абвінавачаньне супраць Максіма Шаўлінскага, якога ў выніку асудзілі на 2 гады «хіміі». Судзьдзя — Мікалай Драгуноў.
Вішнеўскага суд прызнаў пацярпелым, нягледзячы на тое, што ўсё адбывалася ў закрытым чаце, а не публічным. Шаўлінскі цяпер мусіць выплаціць міліцыянту 1 000 рублёў маральнай кампэнсацыі. Максім выхоўвае чатырох дзяцей: двое ад першага шлюбу жонкі і двое сваіх, малодшай дачцэ яшчэ ня споўнілася двух месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды і выракі 20 красавіка: 3 гады калёніі за перавезеныя шыны, 1,5 і 2 гады «хатняй хіміі» за абразы міліцыянтаўМенскі гарадзкі суд пакінуў вырак журналісткам Андрэевай і Чульцовай бязь зьменаў
Журналістак «Белсату» асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі кожную. Цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА ў Жодзіне.
23 красавіка Менскі гарадзкі суд разгледзеў апэляцыйную скаргу на прысуд Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай), журналісткам тэлеканалу «Белсат». Пад вартай журналісткі знаходзяцца ўжо больш за 5 месяцаў.
Самі асуджаныя ў працэсе аб сваёй апэляцыі ня ўдзельнічалі. Адвакаты Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай падалі хадайніцтва, каб яны удзельнічалі ў працэсе праз відэасувязь. Суддзя адхіліла, сказала, што хадайніцтва разглядалі, але пакінулі без задавальнення.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў вырак журналісткам Андрэевай і Чульцовай: два гады за стрым з акцыі пратэстуУ Гомлі абласны суд пакінуў бязь зьменаў прысуд 16-гадоваму падлетку з эпілепсіяй — 5 гадоў калёніі
Гомельскі абласны суд 23 красавіка разгледзеў скаргі асуджаных да вялікіх тэрмінаў жыхароў Гомля, раёну і Добрушу за «масавыя беспарадкі» і пакінуў прысуды бязь зьменаў, а скаргі — без задавальненьня.
Сярод асуджаных — 16-гадовы Мікіта Залатароў, хворы на эпілепсію. Ён пакараны калёніяй на 5 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў вырак 16-гадоваму падлетку з эпілепсіяй — 5 гадоў у калёніі