Як паведаміў БелаПАН праваабаронца, напярэдадні яму патэлефанаваў участковы інспэктар міліцыі і запатрабаваў зьявіцца ў пракуратуру.
«Сёньня ў пракуратуры гораду гаворка ішла пра маё інтэрвію Deutsche Welle, якое выйшла 19 красавіка з нагоды сытуацыі з акумулятарным заводам пад Берасьцем. У сакавіку яго ўвялі ў эксплюатацыю, хоць улады абяцалі, што гэтага ня будзе да правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму пра лёс заводу», — сказаў Кісьляк.
«Як я зразумеў, у пракуратуры палічылі, што гэтае маё інтэрвію можа справакаваць несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы праціўнікаў акумулятарнага заводу, і таму мне вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне», — заявіў праваабаронца.
Кісьляк мае намер абскардзіць папярэджаньне як незаконнае, якое парушае яго права на свабоднае выказваньне думкі.
«Мабыць, улады лічаць, што ў канфлікце з акумулятарным заводам пастаўленая кропка. Але праблема нікуды ня зьнікла. Людзі абураныя, што іх меркаваньне праігнараванае, і будуць усімі законнымі спосабамі дамагацца закрыцьця гэтага небясьпечнага для жыцьця заводу», — сказаў Кісьляк.
Праціўнікі акумулятарнага заводу, які збудавалі пад Берасьцем, лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекту.
Уладальнік заводу — ТАА «Акумулятарны альянс». 85% долі кампаніі належаць Сяргею Кагановічу (намесьнік дырэктара кампаніі «Сем узгоркаў бел», удзельнічаў у спаборніцтвах у хакеі з удзелам каманды Аляксандра Лукашэнкі), 15% — Дзьмітрыю Баскаву (трэнэр хакейнай каманды Лукашэнкі, старшыня Фэдэрацыі хакею).
22 чэрвеня 2020 года Лукашэнка на сустрэчы з грамадзкасьцю Брэста, на якой прысутнічалі і праціўнікі прадпрыемства, паабяцаў правесьці рэфэрэндум аб лёсе завода. Яго плянавалася арганізаваць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Завод запушчаны, працуе на поўную катушку». Што стала з абяцаньнем Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум у БерасьціСёлета 15 сакавіка прэс-служба ТАА «Акумулятарны альянс» паведаміла, што на заводзе завяршыла працу прыёмачная камісія, атрыманы поўны пакет дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць адпаведнасьць прадпрыемства патрабаваньням экалягічнай бясьпекі і эксплуатацыйнай надзейнасьці. Пасьля гэтага завод увялі ў эксплуатацыю.
У сакавіку Тэльмінскі сельвыканкам Берасьцейскага раёну адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму пра лёс заводу. Рэфэрэндум плянаваўся на тэрыторыі Тэльмінскага сельсавету, дзе месьціцца прадпрыемства. Адмову ўлады патлумачылі тым, што ў кампэтэнцыю сельскага выканкаму не ўваходзіць пытаньне разьмяшчэньня і эксплуатацыі заводу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскія чыноўнікі патлумачылі пратэстоўцам, чаму акумулятарны завод запрацаваў без абяцанага Лукашэнкам рэфэрэндумуГрамадзкая кампанія супраць акумулятарнага заводу пачалася ў студзені 2018 году. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў 336 мітынгаў, 18 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю — 29 красавіка 2018 году, на якую прыйшло каля дзьвюх тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактара баранавіцкай газэты 4 гадзіны апытвалі ў пастарунку за інтэрвію зь Ціханоўскай. Яму пагражае крымінальная справаПратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.