Сілавікі правялі ператрус у кватэрах журналістаў і офісе сьветлагорскага сайту «Ранак»

Сілавікі ў Сьветлагорску, архіўнае фота

Да журналістаў рэдакцыі сьветлагорскай мэдыякампаніі «Ранак» Уладзімера Папова і Андрэя Ліпскага прыйшлі зь ператрусам апэратыўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.

У ордэры было запісана, што ператрус праводзіцца ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы, паведамляе сайт «Ранак».

Праблемы ў «Ранка» пачаліся летась у верасьні, калі ў офіс кампаніі таксама прыйшлі супрацоўнікі ДФР, забраўшы дакумэнты для праверкі. Больш чым праз паўгода стала вядома, што па яе выніках заведзеная крымінальная справа па артыкуле аб ухіленьні ад выплаты падаткаў супраць заснавальніка прадпрыемства Ігара Кашлікава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас ператрусаў у рэдакцыі берасьцейскага часопіса «Бінокль» забралі 9 кампутараў

Падчас ператрусу ў Андрэй Ліпскага і Ўладзімера Папова канфіскавалі кампутары. Пасьля гэтага кантралёры правялі ператрус і ў рэдакцыі, яны забралі і працоўныя кампутары згаданых супрацоўнікаў. Фактычна іх пазбавілі магчымасьці паўнавартасна працаваць.

Мэдыякампанія «Ранак» ня згодна з вынікамі фінансавай праверкі і зьбіраецца іх аспрэчваць.