Сяргей Пляскач сьцісла:
- Я, як і герой маёй кнігі, служыў у Паўночнай групе савецкіх войскаў у Польшчы і быў апошнім дэмбэлем Савецкага Саюзу.
- Неафіцыйныя герархічныя этапы службы салдатаў у савецкай арміі называліся па-рознаму ў розных падразьдзяленьнях.
- Сярод афіцэраў існавала ілюзія, што дзедаўшчына ў арміі дапамагае ўтрымаць парадак сярод маладых салдатаў.
- Савецкія салдаты ў Польшчы вельмі рэдка пакідалі вайсковыя гарадкі і крайне рэдка адпускаліся ў адпачынак на радзіму.
- На схіле камуністычнай эпохі савецкім салдатам у Польшчы магчыма было глядзець несавецкія тэлеканалы і слухаць несавецкія радыёперадачы.
- У сваёй кнізе пра савецкае войска 30 гадоў таму я стараўся адказаць сёньняшнім 25-гадовым беларусам на пытаньне, «чаму іхныя бацькі такія, якія яны ёсьць».
Як стаў пісаць?
— Сяргей, пакуль запытацца канкрэтна пра вашу кнігу з абрэвіятурай ці кодам у загалоўку, я хачу папрасіць вас сказаць некалькі слоў пра сябе. Адкуль вы да нас гаворыце? Што робіце ў жыцьці? Калі сталі пісаць і публікавацца? Пытаю пра гэта, бо знайсьці агульнадаступную інфармацыю пра вас у сеціве ня так проста. А тая, што знаходзіцца, даволі скупая…
— Я нарадзіўся ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласьці. Трапіў у савецкае войска, потым вучыўся ў Пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка і вярнуўся на радзіму працаваць, дзе і працую. Працаваў у Сярэдняй школе № 3 гораду Талачына, потым нейкі час працаваў у Талачынскім райвыканкаме. Зьехаў у Маскву, працаваў у Маскве, потым вярнуўся на радзіму, зноў трапіў на працу ў тую ж Сярэднюю школу № 3. Тады гэтая школа паступова ператварылася ў гімназію, я працаваў намесьнікам дырэктара раённай гімназіі, потым стаміўся, звольніўся. Прапанавалі мне іншую працу ў прыватнай кампаніі. Прыватная кампанія пасьпяхова распалася, зьнікла…
Мне не было куды вяртацца, зьявілася шмат вольнага часу, і я вырашыў зьдзейсьніць сваю мару — сеў і пачаў пісаць. І так паступова, пакрысе зьвіліся мае кнігі. Спачатку зьявілася ў выдавецтве «Галіяфы» кніга «Шоў працягваецца», потым у электронным выглядзе ў Андрэя Янушкевіча выйшла кніга «Пярэваратні ў пагонах і без», ну і праз даволі доўгі прамежак часу ў выдавецтве «Галіяфы» зьявілася гэтая кніга, хаця напісаная яна была, калі браць у часавай пасьлядоўнасьці, як другая — «ДМБ-91: зычу вярнуцца дадому».
Апошні дэмбэль СССР
— Я прачытаў вашу кнігу і ведаю, што абрэвіятура ДМБ-91 азначае «дэмбэль 1991 году» ці «дэмабілізацыя 1991 году». Гэта напэўна ведаюць усе, хто служыў у войску, савецкім ці беларускім, але, як усе мы разумеем, большасьць беларусаў усё ж там не служыла. Асабіста я служыў у войску, але польскім, і ў нас такая абрэвіятура не ўжывалася… Вы самі служылі ў Паўночнай групе савецкіх войскаў у Польшчы, як герой вашай кнігі Міхал Радзевіч? І дэмабілізаваліся якраз у 1991 годзе, калі Савецкі Саюз спыніў сваё існаваньне?
— Так, сапраўды, такая іронія лёсу. Мы — то бок тыя, хто дэмабілізаваўся ўвосень 1991 году — аказаліся апошнімі дэмбэлямі Савецкага Саюзу. Бо наступная хваля дэмабілізацыі адбывалася ўжо з розных нацыянальных армій.
Я ў сапраўднасьці ня ведаў, што існуе Паўночная група войскаў, хоць ведаў, што савецкія войскі ў Польшчы знаходзяцца. Я ня ведаў гэтай назвы і мне да гэтай групы не было ніякай справы, але вось трапіў туды служыць. Сапраўды, як і герой кнігі, я вучыўся ў школе вайсковых кухараў, потым служыў у батальёне сувязі, куды трапіў якраз у той пэрыяд, калі адбываўся паступовы вывад савецкіх войскаў з Польшчы, і таму наш батальён пастаянна падарожнічаў з аднаго вайсковага гарадка ў іншы… Таму я паслужыў і ў Явары, і ў Сьвідніцы, і ў Легніцы. Калі адбываліся розныя вучэньні, я ўвесь паўднёвы захад Польшчы аб’езьдзіў са сваім батальёнам.
Салдацкая герархія
— Я так і думаў менавіта. Таму што вайсковы быт і побыт ды звычаі выпісаныя ў вашай кнізе з такімі дэталямі і з такім веданьнем вайсковага жыцьця, што, канешне, чалавеку зусім цывільнаму, скажам так, намаляваць такую дэталёвую карціну немагчыма…
Давайце цяпер пра тое балючае, што знаходзіцца ў цэнтры вашага раману: пра, як кажа выдавец у анатацыі да вашай кнігі, «праблему фізычнага выжываньня ў сытуацыі поўнага бяспраўя, дзедаўшчыны, крадзяжоў ды п’янства». Растлумачце нам спачатку той падзел у арміі на духаў, кабаноў, чарпакоў, дзядоў і дэмбэляў… Ну і пра рытуал расшпільваньня…
— Тут трэба зазначыць адзін цікавы момант… Як высьветлілася, усе гэтыя герархіі ці герархічныя этапы называліся па-рознаму ў розных падразьдзяленьнях. Туды, куды я трапіў, калі чалавек толькі-толькі трапляе ў войска — ён яшчэ дух, бяспраўны. Адбываецца курс маладога байца, чалавек трапляе ў падразьдзяленьне і становіцца кабаном — аж да той пары, пакуль не адслужыць паўгоду. Адслужыўшы паўгоду, ён трапляе ў стадыю чарпака. А калі ўжо паўтара — то становіцца дзедам. А напрыканцы другога году, калі ўжо прыходзіць новы прызыў, дзед становіцца дэмбэлем. (…)
Расшпільваньне
— А калі кабаноў расшпільвалі? Калі яны пераходзілі, так сказаць, у іншы статус?
— Па-першае, трэба было заслужыць, каб цябе расшпілілі. Трэба адпаведна сябе паводзіць, адпаведна няпісанаму кодэксу, які, як фальклёрны твор, з вуснаў у вусны, з пакаленьня ў пакаленьне перадаваўся. І калі кабан быў вельмі кемлівы, вынаходлівы, і неяк умудраўся не падставіць дзядоў, яго маглі расшпіліць і раней. Асноўную ж масу расшпільвалі тады, калі прыходзіў новы прызыў. Яны мяняліся месцамі, па гэтай герархічнай лесьвіцы яны падымаліся ўверх.
— Сяргей, скажыце яшчэ, што там канкрэтна расшпільвалі — нейкую кашулю, нешта ў мундзіры?
— Гэта дэталь, такі спэцыяльны кручок. Ня ведаю, для чаго ён існаваў, але пасьля гузіка яшчэ ішоў такі жалезны кручочак на савецкай форме, на гімнасьцёрцы. Пад сам каўнер падшывалася такая бялюткая тканіна, такая, зь якой звычайна робіцца прасьціна. Удзень яна была бялюткая, пад канец дня яна станавілася чорнай, і гэтую падшыўку кожны вечар трэба было перашыць, памяняць. Дык вось дзед ці расшпілены чалавек мог сабе дазволіць хадзіць з расшпіленым гэтым кручком, а абсалютна нахабныя маглі сабе дазволіць і гузік расшпіліць — калі ўжо афіцэры ня бачаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Аркуш пра пісьменьнікаў і літаратуру: «Легенда мацнейшая за талент»Чаму дзедаўшчына ня зводзілася
— Даволі страшна чытаць у вас, што выраблялі дзяды з маладымі салдатамі… Я б сказаў, што ў прынцыпе афіцэры не павінны дазваляць такіх нестатутных паводзін. І афіцыйна, як я сам пераканаўся ў польскім войску, яны не дазваляюць, выступаюць супраць гэтага зьдзеку. Але на практыцы, калі гэта не пагражае ім службовымі ці нават крымінальнымі наступствамі, яны прыплюшчваюць вочы. Чаму, скажыце, афіцэры так робяць? І чаму маладыя салдаты тэрміновай службы ўсё ж даволі рэдка скардзяцца на зьдзекі і прыніжэньне з боку старэйшых салдатаў — дзядоў?
— Тут было вельмі простае тлумачэньне ад дзядоў: вы думаеце, афіцэры ня ведаюць? Яны выдатна ведаюць, ім так прасьцей падтрымліваць парадак. Бо ў той час, пакуль дзяды займаюцца маладымі, маладыя, зразумела, ня ўлезуць куды ня трэба, на наробяць чаго-небудзь лішняга. Таму нібыта яны знаходзяцца пад наглядам. Такая ілюзія існавала.
Салдат у замкнутай прасторы
— Раскажыце, калі ласка, крыху больш дэталёва пра сваю службу ў Польшчы. Наколькі я зразумеў з вашага раманнага аповеду, савецкія салдаты наагул не пакідалі межаў вайсковага гарадка, так што цывільнага польскага жыцьця насамрэч і ня бачылі? Гэта так?
— Былі пэўныя падразьдзяленьні, якія ўсё ж такі былі вымушаныя пакідаць гарадок. Напрыклад тыя, якія абслугоўвалі камунікацыі і сувязь па ўсім горадзе. Тыя, якія правяралі кабелі ў спэцыяльных калодзежах па ўсім горадзе. Была камэндатура, якая пастаянна перамяшчалася і мела шмат знаёмых сярод мясцовага насельніцтва. Але асноўная маса — ня так, як у Савецкім Саюзе — ніякіх звальненьняў мець не магла. Адзінае выйсьце было, калі, напрыклад, дом афіцэраў знаходзіўся ў горадзе, і мы праходзім строем праз горад і бачым насельніцтва, малых дзетак, і часам чуем зьняважлівыя воклічы ў свой адрас. Больш нічога мы не маглі бачыць.
Неафіцыйна былі рэдкія выпадкі, калі хтосьці трапляў за агароджу. Ну і адпаведна калі выяжджалі на вучэньні. Там дэталёва апісваецца, як савецкія салдаты нясуць збываць і бэнзін, і салярку мясцоваму насельніцтву ў вёскі. А тыя ня вельмі хацелі браць, бо няякасная салярка была… Прычым цягнулі ўсё, ня толькі паліва, але ўсё, што ляжыць не пад наглядам, свае ў сваіх маглі скрасьці і прадаць…
— Ваш герой увесь тэрмін сваёй службы адбывае ў частцы ў Польшчы і не выяжджае ні разу ў водпуск у Беларусь. Вас сапраўды адтуль дахаты не адпускалі?
— Адзінкі езьдзілі. Заслужыць адпачынак было даволі праблематычна. Сама працэдура такіх адпачынкаў была, відаць, вельмі складаная — трэба было суправаджаць гэтых адпускнікоў да мяжы, потым іх сустракаць на мяжы, таму не замарочваліся. Проста езьдзілі адзінкі і, хутчэй за ўсё, у выключных выпадках. Асноўная маса ў адпачынку не была.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Артур Клінаў і раман пра Беларусь у «пэрманэнтнай катастрофе»На схіле эпохі Гарбачова
— Ці здараліся выпадкі на вашай памяці, што савецкія салдаты ў Польшчы на схіле савецкай эпохі, калі ўжо ўзьядналіся абедзьве Нямеччыны, спрабавалі перабегчы ў Нямеччыну ў вольны сьвет? Ваш герой мае такі шанец, апынуўшыся нечакана за мяжою ў Нямеччыне, але ўсё ж вяртаецца ў частку…
— Сапраўды быў загад Гарбачова на этапе вываду савецкіх войскаў, які амніставаў такіх перабежчыкаў. Расказвалі — ня ведаю, легенды гэта былі ці праўда — што і ў Польшчы выяўлялі такіх людзей, якія калісьці зьбеглі, адаптаваліся, абжыліся, многія мелі нават сем’і і жылі як сапраўдныя грамадзяне. Каб мець магчымасьць вярнуцца дадому, яны нібыта легалізаваліся пасьля гэтага загаду. (…)
— Наколькі ізаляваныя ад інфармацыі пра тое, што насамрэч адбывалася ў СССР у 1990 і 1991 гадах, вы былі ў вайсковым гарадку ў Польшчы? Ці траплялі ў вашу частку, скажам так, лібэральныя газэты часу перабудовы і вам можна было іх чытаць?
— Фактычна ўсе савецкія газэты ў той час, калі я служыў, былі неверагодна лібэральныя. Выключна кансэрватыўнымі заставаліся нейкія вайсковыя газэты, а ўся цэнтральная прэса была дастаткова дэмакратычная. Усё гэта было даступнае ў частках, усё гэта можна было чытаць… Тэлеканалы, якія на той час былі ў Савецкім Саюзе, былі таксама даступныя. Мы глядзелі яшчэ і польскія тэлеканалы, можна было вылавіць і нейкія замежныя… Таму інфармацыі хапала… У некаторых былі свае радыёпрымачы, здабытыя нейкім чынам. Мы пастаянна слухалі радыё. І гэты выпадак зь беларускай службай Радыё Свабода, якую герой пачуў у шпіталі ў Легніцы — гэта чыстая праўда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Саша дастаў саслужыўца зь пятлі». Сястра Коржыча расказала, што ён гаварыў пра службу ў ПечахБацькі і дзеці
— Магчыма, гэтае пытаньне можа вам падацца дзіўным. Вам асабіста не шкада, што разваліўся Савецкі Саюз і што ўся тая імпэрыя, па якой шмат хто сёньня настальгуе, зьнікла як дым?
— Пасьля службы ў войску я пайшоў вучыцца на падрыхтоўчае аддзяленьне пэдагагічнага інстытуту. Там у нас была вельмі разумная жанчына, якая выкладала рускую літаратуру. І вось неяк гаворка зайшла пра тое, што ўжо адбылося на той момант — пра зьнікненьне Савецкага Саюзу. Яна сказала такую рэч: усё гэта было максымальна штучна склеенае. І не магло быць надзейнае, не магло трымацца доўга. (…)
Такі Савецкі Саюз, якім ён аказаўся на момант прыходу да ўлады Гарбачова, ня мог існаваць. Гэтая сыстэма была ўжо поўнасьць разбалянсаваная. Я ў кнізе хацеў паказаць не дзедаўшчыну як нейкую лякальную зьяву, мне было больш цікава паказаць, у якім стане было гэтае войска, якое цяпер многімі падаецца як непераможнае. Яно было зусім небаяздольнае. Нейкія элітныя падразьдзяленьні на самой справе маглі быць. Але для чаго існавала ўсё астатняе войска? Атрымліваецца, толькі для таго, каб пэўным чынам выхоўваць маладых людзей.
У мяне быў разьлік адказаць сучасным 25-гадовым маладым людзям на пытаньне, чаму іхныя бацькі такія, якія яны ёсьць. Чаму яны так баяцца начальства, чаму яны такія безыніцыятыўныя і жывуць паводле прынцыпу мая хата з краю? Мне здаецца, гэта ўсё адтуль паходзіць, ад гэтага вайсковага савецкага выхаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нікога ня слухай, твайго сына павесілі». Маці салдата Аляксандра Арлова чакае вынікаў расьсьледаваньня«Шоў зацягваецца»
— Што пішаце цяпер? Нешта зьвязанае зь цяперашнім часам, зь цяперашняй палітычна-грамадзкай рэчаіснасьцю?
— Нехта з аглядальнікаў напісаў пра маю першую кнігу, «Шоў працягваецца», — шоў зацягваецца. У нас настолькі закансэрваваная рэчаіснасьць, што па вялікім рахунку нічога не мяняецца, і тут можна пісаць пра тое, што адбываецца кожны дзень, і на жаль гэта застанецца актуальным на многа гадоў. На жаль.
Цяпер я зноў вярнуўся, як ні дзіўна, працаваць у сярэднюю школу, зноў працую настаўнікам, і мне катастрафічна не хапае часу. Тут зьяўляецца гэтая кніга, і выдавец падштурхоўвае — давай, давай! У мяне зь дзясятак пачатых тэкстаў — яны пра тую рэчаіснасьць, якую я добра ведаю. І няма сэнсу пісаць пра тое, чаго ня ведаеш зусім. Неяк так.