«Злучаныя Штаты вырашылі, што пасол у Беларусі Джулі Фішэр будзе жыць і працаваць у Вільні. Урад Літоўскай Рэспублікі ўжо атрымаў афіцыйны запыт аб акрэдытацыі пасла ЗША ў Беларусі ў Вільні», — заявіў 21 красавіка намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас, перадае 15min.lt.
Вільня становіцца важнай сталіцай для працы зь Менскам. Тут шмат міжнародных арганізацый, якія ня могуць працаваць у Беларусі, — сказаў Адаменас агенцтву BNS.
Беларускае Міністэрства замежных спраў не выдае Джулі Фішэр візы.
Пасольства ЗША ў Літве паведаміла BNS, што Беларусь ня выдала візы яшчэ пяці амэрыканскім дыпляматам.
Паводле пасольства, Джулі Фішэр будзе працягваць кантактаваць зь беларусамі па-за межамі Беларусі, «у тым ліку зь лідэрамі пратэставага руху, прафэсіяналамі СМІ, студэнтамі і іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці». А таксама з саюзьнікамі і партнэрамі ЗША ў Эўропе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: Мы гатовыя прыняць пасла ЗША, але застаецца пытаньне пра яе статус21 красавіка Сьвятлана Ціханоўская разам з пасламі ЗША, Польшчы і Літвы, а таксама міністрам замежных спраў Літвы Мантасам Адаменасам наведала знакавыя для беларусаў месцы ў Вільні — Вострую браму і Базыльянскія муры. А таксама ўсклала кветкі да помніка ахвярам Чарнобылю ў парку Сапегі.
МЗС Беларусі: Пасол, які знаходзіцца ў Літве, ніякага дачыненьня да Беларусі мець ня можа
Прэсавы сакратар беларускага міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз адзначыў, што афіцыйнай інфармацыі пра акрэдытацыю Джулі Фішэр у Літве яны ня маюць.
«Аднак акадэмічна, прафэсійна нам не зусім зразумела нават, пра што можа ісьці гаворка, пра якую акрэдытацыю?
Чыста гіпатэтычна, калі гэта акрэдытацыя пасла ў МЗС Літвы, то значыць у Літве будзе два паслы ЗША, якія будуць прадстаўляць там амэрыканскія інтарэсы.
Цалкам відавочна, што пасол, які знаходзіцца ў Літве, ніякага дачыненьня да Беларусі ня можа і ніколі ня будзе мець», — сказаў Глаз.