Чатыры з паловай гадзіны доўжылася апытаньне галоўнага рэдактара баранавіцкай незалежнай газэты Intex-press Уладзімера Янукевіча ў Баранавіцкім гарадзкім аддзеле ўнутраных спраў, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
На яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы і пачалі праверку для завядзеньня крымінальнай справы. Прычына — інтэрвію зь Сьвятланай Ціханоўскай, апублікаванае 14 красавіка.
Адміністрацыйныя пратаколы склалі за парушэньне заканадаўства аб СМІ — адзін на выдавецкі дом «Інтэкс-прэс», другі — на Янукевіча як індывідуальнага прадпрымальніка, якому належыць сайт intex-press.by.
Міліцыянты вырашаюць, ці не завесьці яшчэ крымінальную справу паводле артыкулу «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на ўчыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпартэры бязь межаў»: Беларусь — рэгіянальны чэмпіён у разгроме СМІЛюдмілу Сьцяцко, якая зрабіла інтэрвію зь Ціханоўскай, выклікалі ў міліцыю на 23 красавіка ў якасьці сьведкі.
15 красавіка баранавіцкая пракуратура за гэтае інтэрвію вынесла Ўладзімеру Янукевічу папярэджаньне.
«Мы заўсёды кіруемся інтарэсамі нашых чытачоў і іхным правам на атрыманьне інфармацыі. Гэтае інтэрвію ня стала выключэньнем. Мы не разумеем, якія менавіта словы ў інтэрвію парушылі дзейнае заканадаўства. У міліцыі мне таксама не змаглі гэтага патлумачыць. Такое адчуваньне, што ня зьмест, а сам факт гэтага інтэрвію выклікаў прэтэнзіі да нас. Мы расцэньваем гэта як ціск на свабоду слова», — сказаў Уладзімер Янукевіч службе маніторынгу БАЖ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Эўранэсьце заклікала да міжнароднага пасярэдніцтва ў дыялёгу паміж рэжымам і грамадзтвам Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнаму рэдактару Intex-press вынесьлі пракурорскае папярэджаньне за інтэрвію зь Ціханоўскай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Новы час“ чытае як мінімум тысяча зьняволеных». Размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб