Паводле зьвестак ініцыятывы, 21 красавіка каля 12.00 у сваім службовым кабінэце застрэліўся з табэльнага пісталета начальнік групы наркакантролю і процідзеяньня гандлю людзьмі Аршанскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Кавальчук Руслан Уладзімеравіч, 1984 году нараджэньня.
Паведамляецца, што ў сувязі са здарэньнем у 13.30 у Аршанскі РАУС прыбыў начальнік УУС Віцебскага аблвыканкаму Любімаў, а праз гадзіну — міністар унутраных спраў Кубракоў.
Пазьней дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла са спасылкай на прадстаўніцу Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Аксану Лазько, што цела супрацоўніка знайшлі ў службовым кабінэце і што вядзецца праверка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гатовыя выканаць любы загад». BYPOL аб перастаноўках у сілавых ведамствахПаводле інфармацыі, якую атрымаў BYPOL, яшчэ ўчора Кaвальчука бачылі жыцьцярадасным у таварыстве жонкі і дзяцей, якія каталіся на роварах. Раніцай у сераду ён узяў удзел у занятках па фізычнай падрыхтоўцы, атрымаў табэльную зброю, ня выявіўшы ў паводзінах нічога дзіўнага.
Пазьней яго знайшоў мёртвым падначалены, які зайшоў удакладніць рабочую інфармацыю. Стрэлу практычна ніхто ня чуў, што можа быць растлумачана таўшчынёй сьцен у будынку РАУС і падвойнымі жалезнымі дзьвярыма ў службовы кабінэт Кавальчука.
Па факце самагубства Кавальчука цяпер праводзіцца службовая праверка пад асабістым кантролем міністра Кубракова, паведамляе BYPOL.