Амбасадар ЗША зьедзе з Масквы пасьля патрабаваньня расейскага МЗС

Амбасадар ЗША ў Расеі Джон Саліван

Амбасадар ЗША ў Расеі Джон Саліван паедзе ў Вашынгтон, але вернецца ў Маскву цягам тыдня. Пра гэта паведаміла прэс-служба амэрыканскай амбасады.

Раней крыніцы выданьня Axios паведамлялі, што Саліван ня мае намеру пакідаць Расею, нягледзячы на рэкамэндацыі расейскага Міністэрства замежных спраў.

Па словах Салівана, ён вернецца ў ЗША, каб наведаць сваю сям’ю і сустрэцца з членамі новай адміністрацыі Джо Байдэна, каб абмеркаваць бягучую сытуацыю ў адносінах ЗША і Расеі. Амбасадар ЗША падкрэсьліў, што вернецца ў Маскву цягам тыдня да любой магчымай сустрэчы прэзыдэнтаў Байдэна і Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як будуць дзейнічаць «размарожаныя» санкцыі ЗША адносна Беларусі?

16 красавіка, пасьля таго як ЗША абвясьцілі пра ўвядзеньне новых санкцый у дачыненьні да Расеі і пра высылку расейскіх дыпляматаў, МЗС Расеі рэкамэндаваў Салівану адправіцца дадому на кансультацыі. Такую ж рэкамэндацыю перадаў яму на сустрэчы памочнік Уладзіміра Пуціна Юрый Ушакоў.

Такая рэкамэндацыя не прадугледжаная дыпляматычным пратаколам, таму Саліван ня стаў яе выконваць. Паводле двух крыніцаў Axios, ён палічыў, што «калі Пуцін хоча, каб ён пакінуў краіну, давядзецца яго прымусіць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяскоў пацьвердзіў, што Пуцін і Байдэн абмяркоўвалі спробу перавароту ў Беларусі

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква ў адказ на санкцыі ЗША прыме меры, якія, у прыватнасьці, могуць ускладніць дзейнасьць амбасады ЗША ў Маскве.

Расейскі амбасадар у ЗША Анатоль Антонаў цяпер знаходзіцца ў Расеі. Ён пакінуў Вашынгтон 20 сакавіка для кансультацыяў. Яго адклікалі ў Маскву пасьля інтэрвію прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, у якім той станоўча адказаў на пытаньне журналіста, ці лічыць ён прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна «забойцам», і паабяцаў, што той «заплаціць» за ўмяшаньне ў выбары.

15 красавіка прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн увёў новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў адказ на меркаваныя расейскія кібэратакі, умяшаньне Масквы ў амэрыканскія выбары і анэксію Крыму.

Пад новыя санкцыі падпалі больш за 30 фізычных асобаў і кампаній. Санкцыі таксама прадугледжваюць забарону на апэрацыі з расейскай дзяржаўнай запазычанасьцю на першасным рынку. Акрамя таго, ЗША абвясьцілі аб высылцы з краіны дзесяці расейскіх дыпляматаў. Расея адказала люстранымі мерамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Вільні сустракаецца з амбасадарамі ЗША, Літвы і Польшчы, якія ня могуць прыехаць у Менск