У рэдакцыю парталу Tut.by зьвярнуліся работнікі «Камунаркі», якія расказалі, што ім прапанавалі разьвітацца з прадпрыемствам. Пры гэтым у некаторых да заканчэньня кантракту яшчэ некалькі гадоў, а пытаньняў да выкананьня працы ў кіраўніцтва да гэтага не ўзьнікала.
«Мне прапанавалі звольніцца пры згодзе бакоў. Але я сказала, што пісаць ня буду, звальняйце паводле артыкулу. Выклікалі да ідэоляга, тэлефоны папрасілі пакінуць у прыёмнай, паклалі заяву і сказалі пісаць. Я адмовілася. Каля гадзіны паласкалі мазгі, гаварылі пра пераатэстацыю. Прыгразілі, што „артыкул знойдуць“. Далі 2 гадзіны на прыняцьце „правільнага“ рашэньня. Тэлефанавалі калегам, каб мяне як-небудзь угаварылі. Звальняюць невялікімі партыямі», — расказала ўжо былая работніца фабрыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад калгаса да кандытарскай фабрыкі. Як адбіралі бізнэс у інвэстараўТакія прапановы паступаюць пэрсаналу з розным досьведам працы і кваліфікацыі. Па назіраньнях работнікаў, іх гісторыі аб’ядноўвае адзін агульны момант: кагосьці затрымлівалі летась або сёлета, хтосьці адбываў адміністрацыйны арышт.
Так, былая работніца «Камунаркі» сьцьвярджае, што яе звольнілі за прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці.
«Да гэтага кіраўніцтва ставілася ляяльна: калі з адпаведных структураў прыходзілі лісты, праводзілі прафіляктычныя гутаркі, папярэджвалі пад подпіс аб несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і адсылалі адказ з характарыстыкай», — кажа жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму прыватныя прадпрыемствы банкрутуюць, а дзяржаўныя — не?Як мінімум яшчэ трое работнікаў сьцьвярджаюць, што ім прапанавалі звольніцца праз пытаньні, якія ўзьніклі з боку сілавікоў.
Работнікі цукерачна-шакаляднага цэху кажуць, што ў іх звольнілі ня менш за двух калегаў-апэратараў. Як мінімум адзін выконваў адказную працу, «на якую ня возьмеш чалавека з вуліцы». Звольнілі за адзін дзень, не было часу знайсьці новую працу. Таксама не працягваюць кантракты з тымі, хто выйшаў з прафсаюзу.
«Хтосьці са звольненых пападаўся з сэлфі на фоне аўтазака, хтосьці адбываў арышт. Некага на Дзень Волі схапілі. Некаторых затрымлівалі, запісвалі іх зьвесткі, адпускалі без пратаколу, але паведамлялі на працу», — кажа яшчэ адзін супрацоўнік «Камунаркі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зроблена ў Беларусі»: дорага і неканкурэнтнаДругі работнік са стажам каля 17 гадоў удакладніў, што яго звольнілі «за прагул», хоць ён у гэты час адбываў адміністрацыйны арышт. Мужчыну затрымалі 22 сакавіка, на наступны дзень прысудзілі 15 сутак. На працу выйшаў 7 красавіка, але яму паведамілі аб звальненьні днём раней.
Ёсьць зьвесткі, што за апошнія два тыдні з «Камунаркі» звольнілі больш за 20 чалавек.
Кіраўніцтва прадпрыемства сытуацыі не камэнтуе, патрабуючы даслаць пісьмовы запыт.