Паводле сусьветнага «Індэксу свабоды прэсы – 2021», які штогод складае арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» (RSF), журналістыка, якую называюць «асноўнай вакцынай супраць дэзынфармацыі», цалкам або часткова заблякаваная ў 73% са 180 краін, уключаных у рэйтынг арганізацыі.
Рэгіён Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі заняў перадапошнюю пазыцыю ў рэгіянальным рэйтынгу найперш праз падзеі ў Беларусі (рэйтынг якой апусьціўся на 5 радкоў, цяпер яна займае 158-е месца са 180), дзе ўлада ў спробе прыкрыць масавыя вулічныя пратэсты супраць сфальшаваных выбараў абрынула на журналістаў беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі.
- Арыштаваныя падчас асьвятленьня пратэстаў або прэвэнтыўна, журналісты першапачаткова атрымлівалі кароткія адміністрацыйныя тэрміны з надуманых падставаў.
- Пазьней улады пачалі заводзіць супраць іх крымінальныя справы, якія караліся некалькімі гадамі турэмнага зьняволеньня, і праводзіць фіктыўныя судовыя працэсы пад старшынствам судзьдзяў, якія выконвалі палітычную замову.
- У імкненьні здушыць усю незалежную журналістыку сілавікі пачалі перасьледаваць і яе абаронцаў, асабліва Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ).
- Паводле «Рэпартэраў бязь межаў», больш за 400 журналістаў у Беларусі да канца 2020 году былі затрыманыя ці арыштаваныя, многія зь іх пасьля паведамлялі пра тое, што зазналі ў зьняволеньні зьнявагі і гвалт.
- У Беларусі інтэрнэт быў цалкам недаступны цягам трох дзён пасьля абвяшчэньня спрэчных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, а затым пэрыядычна яго адключалі ў наступныя месяцы на працягу больш як 120 дзён.
Беларусь — самая небяспечная краіна ў Эўропе для журналістаў, робяць выснову «Рэпартэры бязь межаў».