У Чэхіі заявілі, што выбух на складзе ў Вэрбеціцах адбыўся выпадкова — ГРУ плянавала яго ў Баўгарыі

Пратэставая акцыя ля расейскай амбасады ў Празе, 18 красавіка 2021.

Чэская паліцыя схіляецца да вэрсіі, што расейскія спэцслужбы не спэцыяльна ўчынілі выбух на складзе боепрыпасаў у Вэрбеціцах ў 2014 годзе.


Пра гэта паведаміў выканаўца абавязкаў міністра замежных справаў Чэскай Рэспублікі Ян Гамачак, піша «Настоящее время» са спасылкай на Česke Noviny.

Следзтва лічыць, што расейская выведка плянавала арганізаваць выбух пасьля таго, як боепрыпасы даставяць у Баўгарыю, расказаў чыноўнік.

Паводле зьвестак выданьня Respekt, боепрыпасы прызначаліся для бізнэсоўца Емяльяна Гебрэва, які, як піша выданьне, пастаўляў зброю ва Ўкраіну падчас баявых дзеяньняў на ўсходзе.

«У гэтай справе разьвіваецца міжнароднае супрацоўніцтва, уключаючы супрацоўніцтва з Баўгарыяй», — пракамэнтаваў гэтую інфармацыю Гамачак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША падтрымалі адказ Чэхіі на падрыўныя дзеяньні Расеі

Як піша Respekt, у 2015 годзе супрацоўнікі расейскай выведкі ўзялі ўдзел у дзьвюх спробах атруціць баўгарскага бізнэсоўца Емяльяна Гебрэва. Першы раз гэта адбылося ў сталіцы Сафіі, другі раз празь месяц на яго дачы на беразе Чорнага мора. Праз год сьледчыя спынілі пошук вінаватых у нападзе. Аднак аднавілі справу ў 2018 годзе, калі адбылося атручэньне Сяргея Скрыпаля. Аб датычнасьці супрацоўнікаў ГРУ да спробаў атруціць Гебрэва пісалі Bellingcat і The Insider.

Гамачак заявіў, што чэская паліцыя накіруе запыт у Расею аб аказаньні прававой дапамогі ў расьсьледаваньні інцыдэнту ў Вэрбеціцах і «паспрабуе дапытаць» расейцаў Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава.

Паводле службоўца, у чэскай паліцыі дастаткова інфармацыі, якая сьведчыць пра датычнасьць расейскіх спэцслужбаў да выбуху ў 2014 годзе.

Прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш і выканаўца абавязкаў міністра замежных справаў Чэскай Рэспублікі Ян Гамачак увечары 17 красавіка заявіў аб датычнасьці расейскага ГРУ да выбухаў на складзе боепрыпасаў у 2014 годзе. Тады загінулі два чалавекі.

У той жа дзень паліцыя Чэхіі абвясьціла ў вышук двух чалавек, якія ў 2014 годзе — у дні, якія папярэднічалі выбуху, — заехалі ў краіну па расейскіх пашпартах на імя Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Яны выкарыстоўвалі таксама пашпарты грамадзян Малдовы і Таджыкістану. Па паведамленьнях СМІ, менавіта іх чэскія ўлады падазраюць у дачыненьні да выбухаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія не дапусьціць «Росатом» да дабудовы АЭС пасьля абвінавачаньняў на адрас ГРУ

Гаворка ідзе пра тых жа людзей, якіх у Вялікабрытаніі падазраюць у атручваньні Сяргея і Юліі Скріпалёў у Солсбэры ў 2018 годзе. Сьцьвярджаецца, што яны — супрацоўнікі расейскай ваеннай выведкі, вядомай як ГРУ, іх сапраўдныя імёны — Анатоль Чапіга і Аляксандр Мишкін. Дасьледчык групы Bellingcat Хрыста Грозеў піша, што ў гэты час у Чэхіі былі і іншыя супрацоўнікі расейскай вайсковай выведкі. У бліжэйшы час Bellingcat апублікуе пра гэта расьсьледаваньне.

Чэхія таксама заявіла пра высылку 18 супрацоўнікаў расейскай амбасады. МЗС Расеі прыгразіў Чэхіі «захадамі ў адказ» і выказаў «рашучы пратэст» у сувязі з рашэньнем Прагі. Гэтае рашэньне ў заяве МЗС Расеі названа беспрэцэдэнтным і прынятым паводле галаслоўных і надуманых прычынах.

Увечары 18 красавіка МЗС Расеі абвясьціў пэрсонамі нон-грата 20 супрацоўнікаў чэскай амбасады ў Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея высылае 20 чэскіх дыпляматаў