У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, захварэлі 344 223 чалавек, памерлі — 2423, паправіліся і выпісаліся — 334 852.
Апошні раз лічбу сьмерцяў вышэйшую за 10 афіцыйная статыстыка падавала 23 студзеня, 80 дзён таму, калі зафіксавалі 11 ахвяр каранавірусу. У лютым 14 дзён казалі пра 9 сьмерцяў штодня, у красавіку было 6 дзён запар па 9 выпадкаў, цяпер ужо шосты дзень фіксуюць 10.
Афіцыйная статыстыка каранавірусу, якую публікуюць улады Беларусі, часта атрымлівае крытыку за заніжэньне лічбаў ад незалежных мэдыкаў; на думку экспэртаў, лічбы могуць быць заніжаныя ў 7 разоў.
Адным сказам:
- У Кіргізстане разгарэўся скандал: міністар аховы здароўя Алымкадыр Бейшаналіеў 16 красавіка на прэс-канфэрэнцыі на вачах у журналістаў выпіў адвар атрутнай расьліны аканіт і заявіў, што ён можа за тры дні вылечыць каранавірус. САЗ заявіла, што ня мае дадзеных аб эфэктыўнасьці і бясьпецы такога сродку.
- Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель атрымала ў пятніцу першую дозу вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі. Паведамляецца, што Мэркель прышчапілася прэпаратам брытанска-швэдзкай кампаніі AstraZeneca.
- У Маскве ад COVID-19 прышчапілася ўжо каля мільёна чалавек. Пасьля прышчэпак вакцынай «Sputnik V» каранавіруснай інфэкцыяй заразілася тысяча чалавек.
- Аргентына зафіксавала рызыку небясьпекі крывацёкаў пасьля расейскай вакцыны «Sputnik V». У справаздачы аб бясьпецы вакцын Міністэрства здароўя Аргентыны зьмяшчаюцца дадзеныя аб двух выпадках імуннай трамбацытапэніі, верагодна зьвязаных з ужываньнем расейскай вакцыны ад каранавірусу.
Улады Японіі не выключаюць адмены Алімпіяды ў Токіё летам 2021 году
Улады Японіі дапускаюць магчымасьць адмены Алімпійскіх гульняў у Токіё летам 2021 году. Пра гэта паведаміў генэральны сакратар кіроўнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Тасіхіро Нікай, перадае Reuters.
Паводле яго, калі сытуацыя з каранавірусам пагоршыцца, а рост колькасьці заражаных COVID-19 працягнецца, то правядзеньне Алімпійскіх гульняў стане надзвычай цяжкім, варыянт адмены спаборніцтваў становіцца магчымым.
Міністар, адказны за правядзеньне вакцынацыі, Таро Кона заявіў у эфіры тэлеканалу «Асахі», што летнія Алімпійскія і Паралімпійскія гульні ў Токіё могуць прайсьці цалкам без гледачоў. Раней арганізатары прынялі рашэньне правесьці спаборніцтвы без замежных заўзятараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Times паведаміла аб плянах адмяніць летнюю Алімпіяду. Японія гэта адмаўляеЛетняя Алімпіяда ў Токіё мусіла адбыцца летась, але з прычыны пандэміі каранаварусу Гульні перанесьлі на ліпень 2021 году.
У студзені газэта The Times са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе Японіі паведаміла, што японскія ўлады вырашылі адмяніць Алімпійскія гульні ў Токіё ў 2021 годзе з прычын пандэміі.
Паводле суразмоўцы выданьня, японскія ўлады ўжо прынялі рашэньне і цяпер шукаюць спосаб паведаміць пра гэта сьвету, «захаваўшы твар». Аднак ва ўрадзе Японіі катэгарычна абверглі гэтую публікацыю The Times, заявіўшы, што яна не адпавядае сапраўднасьці. Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах таксама заявіў, што арганізацыя не плянуе адмяняць Алімпійскія гульні ў Токіё.
Праведзенае ў красавіку агенцтвам Kyodo апытаньне паказала, што 72% апытаных жыхароў Японіі хочуць, каб Алімпійскія гульні ў Токіё былі адменены або адкладзеныя з прычыны пандэміі.