Міністэрства абароны ЗША зьбіраецца часова павялічыць колькасьць войскаў у Аўганістане, каб забясьпечыць бясьпечны вывад усіх сваіх сіл з краіны да 11 верасьня.
Прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі пакуль не расказаў дэталяў, але заявіў, што вайскоўцам, якія цяпер знаходзяцца ў Аўганістане, можа спатрэбіцца дапамога для завяршэньня вываду.
Дапамога, на яго думку, можа спатрэбіцца ў лягістыцы, інжынэрнай справе, магчыма, сілавой абароне, каб зрабіць вывад эфэктыўным і бясьпечным.
14 красавіка прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн заявіў пра пляны вывесьці ўсе амэрыканскія войскі да 11 верасьня — 20-й гадавіны нападаў на амэрыканскія гарады, якія выклікалі ўмяшаньне ЗША і НАТА ў Аўганістан. Разам з тым у амэрыканскай адміністрацыі паабяцалі даць талібам «рашучы адказ» у выпадку працягу агрэсіі супраць амэрыканскіх вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн аб вяртаньні амэрыканскіх войскаў з Афганістану: «Пара дадому»Амэрыканскія сілы першапачаткова зьбіраліся вывесьці з азіяцкай краіны да 1 траўня, аднак Байдэн заявіў, што патрабуецца больш працяглы тэрмін на вывядзеньне войскаў. Таксама пра вывад кантынгенту цягам некалькіх месяцаў заявіў старшыня НАТО Енс Столтэнбэрг.
У 2011 годзе колькасьць войскаў ЗША ў Аўганістане перавышала 100 тысяч чалавек, з таго часу яна істотна зьменшылася і цяпер складае каля 2,5 тысяч. Агульная колькасьць прадстаўнікоў вайсковага кантынгенту краін НАТО — менш за 10 тысяч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы маглі б пайсьці далей». Байдэн засьцярог Расею ад умяшаньня ў амэрыканскую дэмакратыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі