Як гаворыцца ў паведамленьні, якое цытуе агенцтва «Интерфакс» ФСБ Расеі сумесна з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Беларусі спыніла меркаваную змову, у якой нібыта ўдзельнічалі Юрась Зянковіч, які мае падвойнае грамадзянства ЗША і Беларусі, а таксама грамадзянін Беларусі Аляксандар Фядута.
Паводле ФСБ, яны плянавалі «ажыцьцяўленьне ваеннага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары "каляровых рэвалюцый" з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю прэзыдэнта А. Лукашэнкі».
Паводле расейскіх спэцслужбаў, Зянковіч і Фядута кансультаваліся з прадстаўнікамі ЗША і Польшчы. «Заслугоўвае ўвагі, што датай ажыцьцяўленьня ваеннага перавароту апазыцыянэры абралі дзень правядзеньня параду Перамогі ў горадзе Менску 9 траўня гэтага году», — заявілі ў ФСБ. Пры гэтым у рэпартажы беларускага дзяржаўнага тэлеканалу АНТ казалі, што пераварот нібыта рыхтавалі на чэрвень ці ліпень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: заходнія спэцслужбы рыхтавалі замах на мяне і на маіх дзяцей. Удзельнічалі Зянковіч, Кастусёў і ФядутаПаводле ФСБ, «ідэолягі беларускай радыкальнай апазыцыі» Зянковіч і Фядута арганізавалі ў прыватных чатах аднаго з мэсэнджэраў абмеркаваньне пляну ўзброенага мяцяжу ў Беларусі і вырашылі правесьці ў Маскве асабістую сустрэчу «з выкарыстаньнем даступных ім мер кансьпірацыі з апазыцыйна настроенымі генэраламі Ўзброеных сілаў рэспублікі».
«Пасьля прыбыцьця Зянковіча ў Маскву пасьля праведзеных кансультацый у ЗША і Польшчы прызначаная сустрэча адбылася ў асобным кабінэце аднаго са сталічных рэстаранаў. У ходзе сустрэчы змоўнікі заявілі "беларускім генэралам", што для пасьпяховай рэалізацыі іх задумы патрэбная фізычная ліквідацыя практычна ўсёй верхавіны кіраўніцтва рэспублікі», — гаворыцца ў заяве ФСБ.
Паводле ФСБ, канчатковай мэтай змовы было зьмяненьне канстытуцыйнага ладу, скасаваньнем пасады прэзыдэнта і перадача ўлады «Камітэту нацыянальнага прымірэньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самыя эфэктыўныя меры ўдараць па ўсіх». Амэрыканскі экспэрт па санкцыях — пра парады Байдэну адносна Беларусі