Расея запатрабавала, каб затрыманы ўкраінскі консул пакінуў краіну

Міністэрства замежных спраў Расеі запатрабавала, каб украінскі дыплямат пакінуў кріану цягам 72 гадзінаў.

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі 17 красавіка затрымала ў Санкт-Пецярбургу ўкраінскага консула Аляксандра Сасанюка. Яго абвінавацілі ў дзейнасьці, несумяшчальнай з статусам дыплямата, — атрыманьні закрытай інфармацыі. Цяпер ён ўжо вызвалены.

Паводле ФСБ, Сасанюка затрымалі, калі ён атрымліваў ад грамадзяніна Расеі інфармацыю з базаў зьвестак праваахоўных органаў і ФСБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У заканадаўства Ўкраіны вярнулі норму аб забароне набыцьця электраэнэргіі зь Беларусі

У ФСБ заявілі, што дзеяньні консула насілі «відавочны варожы характар у дачыненьні да Расейскай Фэдэрацыі».

Інцыдэнт адбыўся на фоне абвастрэньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, дзе да тэрыторыяў, якія кантралююць сэпаратысты, і анэксаванага Крыма сьцягнулі шмат войскаў.

Якую інфармацыю атрымаў консул, не ўдакладняецца. Расейскія базы зьвестак праваахоўных органаў рэгулярна аказваюцца ў адкрытым доступе. У Расеі існуе маштабны чорны рынак такой інфармацыі — напрыклад, пра куплю білетаў грамадзянамі, іх тэлефонныя званкі і рух сродкаў па рахунках.

У МЗС Украіны назвалі затрыманьне «чарговай правакацыяй на фоне дэстабілізацыйных дзеяньняў Расеі».