Жыхара Шчомысьліцы, што пад Менскам, 16 красавіка затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар. Прычынай стала тое, што міліцыянты на ягоным доме выявілі «незарэгістраваную сымболіку» на паштовай скрыні і вокнах, а таксама флюгер з гербам «Пагоня».
33-гадовага гаспадара абвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, — паведаміла УУС Менскага аблвыканкаму.
Таксама абласная міліцыя выклала ў інтэрнэт фота інтэрʼераў дому затрыманага, на якіх бачныя:
- шалік «Мы пераможам» над вакном,
- налепка зь бел-чырвона-белым сьцяжком на скрыні з інструмэнтамі,
- пара падсьвечнікаў з трыма белымі і шасьцю чырвонымі сьвечкамі,
- традыцыйны беларускі арнамэнт «Васьмірог» на белай падлозе,
- чырвоныя бэлькі на белай столі.
Ці зьяўляецца наяўнасьць такіх рэчаў і малюнкаў усярэдзіне хаты таксама правапарушэньнем, у паведамленьні міліцыі і апісаньні відэа не пазначана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узьдзенскі райвыканкам не рэкамэндуе выходзіць на вуліцу ў белых шкарпэтках з чырвонай паласой ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суткі» і штрафы за «няправільны» колер шкарпэтак і цукерак, арышт хворага на эпілепсію. Чым зьдзівілі менскія суды ў сакавіку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Слоніме канфіскавалі аўтамабіль за налепку з «Пагоняй» і белыя палосы на чырвоным даху