Ён таксама абвясьціў пра іншыя меры, якія расейскія ўлады маюць намер прыняць у адказ на новыя санкцыі ЗША, уведзеныя 15 красавіка.
Паводле Лаўрова, на сустрэчы з амбасадарам ЗША ў Маскве Джонам Саліванам памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў прапанаваў амбасадару выехаць у Вашынгтон для кансультацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы маглі б пайсьці далей». Байдэн засьцярог Расею ад умяшаньня ў амэрыканскую дэмакратыюЯк заявіў Лаўроў, увесь пералік прынятых Расеяй крокаў будзе апублікаваны ў найбліжэйшы час. На прэс-канфэрэнцыі ў Маскве ў пятніцу ён назваў некаторыя зь іх.
Па словах кіраўніка МЗС Расеі, 8 амэрыканскіх чыноўнікаў будуць уключаныя ў «чорны сьпіс», ім забароняць уезд у Расею.
Ужо вядома, што пад санкцыі Масквы падпалі:
- дырэктар Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў Крыстафэр Рэй,
- дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Гэйнс,
- генэральны пракурор ЗША Мэрык Гарланд,
- дырэктар Фэдэральнага бюро турмаў Майкл Карвахаль,
- міністар унутранай бясьпекі Алехандра Маёркас
- дарадца прэзыдэнта па ўнутранай палітыцы, былая сталая прадстаўніца ЗША ў ААН С'юзэн Райс.
Масква таксама запусьціць працэдуру па спыненьні практыкі найманьня на працу ў дыпляматычную місію ЗША грамадзян Расеі і трэціх краін. Таксама, па словах Лаўрова, Расея спыніць практыку кароткатэрміновых паездак супрацоўнікаў Дзярждэпартамэнту для працы ў амэрыканскіх дыпляматычных прадстаўніцтвах у краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мішусьцін прыехаў дзеля «прымушэньня да інтэграцыі»Лаўроў таксама сказаў, што Расея «будзе спыняць дзейнасьць на сваёй тэрыторыі амэрыканскіх фондаў і НДА, якія ўмешваюцца ва ўнутрыпалітычнае жыцьцё краіны». У заяве МЗС Расеі, апублікаванай у пятніцу вечарам, пра гэта гаворыцца так: «Маецца на ўвазе спыніць дзейнасьць у Расейскай Фэдэрацыі амэрыканскіх фондаў і НДА, падкантрольных Дзярждэпартамэнту і іншым амэрыканскім дзяржаўным структурам. Гэтая праца, якая вядзецца даўно і плянамерна, будзе даведзеная да канца».
Па словах міністра, Расея будзе «трымаць пра запас» эканамічныя меры ўзьдзеяньня на ЗША.
Пры гэтым, як сказаў Лаўроў, у Маскве пазытыўна паставіліся да прапановы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна правесьці саміт з Уладзімірам Пуціным. Аднак прамога адказу на гэтую прапанову расейскі бок пакуль ня даў.
Рэакцыі амэрыканскага боку на заявы Лаўрова і расейскага МЗС пакуль няма.