Офіс былога прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі, што Армэнія ў мінулым адмовілася ад мірных прапаноў Аліева, перададзеных праз Лукашэнку, паведаміла News.am.
«Пры ўсёй павазе да беларускага народу я б не хацеў, каб у яго калі-небудзь быў такі „міралюбны“ сусед, бо празь нейкі час акажацца, што Менск — старажытны азэрбайджанскі горад, а беларускага народу як такога не існавала, у сувязі з чым аліеўская „гістарычная справядлівасьць“ павінна ўзяць верх на гэтых тэрыторыях з усімі наступствамі гэтага».
Пра гэта заявілі ў офісе папярэдняга прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна на просьбу News.am пракамэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што прэзыдэнт Азэбрайджану Ільхам Аліеў прасіў яго сказаць армянам, каб тыя ўрэгулявалі карабаскі канфлікт мірным шляхам, але папярэднія ўлады Армэніі адмовіліся.
«Тыя, хто хоча даведацца праўду, могуць пашукаць у інтэрнэце „міралюбныя выказваньні“ Аліева, якія зьмяшчаюць антыармянскія ваяўнічыя заявы, і на падставе гэтага зрабіць выснову. А атрыманыя вынікі можаце адправіць Аляксандру Лукашэнку, каб ён параўнаў сваё ўяўленьне пра мір і справядлівасьць з ідэямі ягонага сябра Аліева», — гаворыцца ў заяве Офісу Саргсьяна.
Аляксандар Лукашэнка 14 красавіка падчас сустрэчы з Ільхамам Аліевым заявіў, што можа расказаць «шмат добрага пра тое, што Ільхам Гейдаравіч прапаноўваў армянскаму народу і кіраўнікам Армэніі» для таго, каб урэгуляваць канфлікт у Карабаху.
«Адна з прапановаў, калі ён сказаў мне: „Слухай, ты перадай армянам, ты ж зь імі ў добрых стасунках, я гатовы аднавіць ня толькі Карабах, але і падняць Армэнію (калі за сто даляраў была нафта)… Я не называю суму нават, якую вось я адразу гатовы заплаціць. Перадай ім, каб мірна ўрэгулявалі гэтае пытаньне», — сказаў Лукашэнка.
Але армянскае кіраўніцтва ад гэтай прапановы адмовілася, заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка — Аліеў: Армэнія — трэці лішніСёлета ў студзені скончыўся збройны канфлікт паміж Азэрбайджанам і Армэніяй. Паводле мірнага ўрэгуляваньня, заключанага пры судзеяньні Расеі, Баку ўзяў пад кантроль шэраг раёнаў, якія да ваеннага канфлікту знаходзіліся пад кантролем Армэніі і непрызнанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі.
Некалькі гадоў таму інтэнсіўна разьвівалася вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Менскам і Баку, Беларусь паставіла ў Азэрбайджан некалькі рэактыўных сыстэмаў залпавага агню вялікай далёкасьці «Палянэз».
У 2020 годзе адбылося некалькі паставак у Беларусь азэрбайджанскай нафты.
Лукашэнка неаднойчы выказваў удзячнасьць Аліеву за дапамогу ў крытычных палітыка-эканамічных сытуацыях.
Беларусь знаходзіцца ў вайскова-палітычным саюзе АДКБ з Армэніяй. Пра плянаваньне паездак Лукашэнкі ў Ерэван не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Баку Лукашэнка мог прывезьці нешта больш каштоўнае, чым грошы