«Голас Амэрыкі» паведамляе, што адміністрацыя Байдэна абвясьціла пра сэрыю новых санкцый супраць Расеі ў адказ на нядаўнія зламысныя дзеяньні Масквы, у прыватнасьці — на кампанію кібэршпіянажу, накіраваную супраць фірмы SolarWinds, і ўмяшаньне Расеі ў прэзыдэнцкія выбары.
Пад дзеяньне санкцый падпадаюць больш за 30 расейскіх структураў; гаворка ідзе таксама аб высылцы з ЗША як мінімум 10 расейцаў. У іх лік уваходзяць супрацоўнікі службаў выведкі і дыпляматы, паведамляюць дасьведчаныя крыніцы.
З чэрвеня 2021 году ўводзіцца ў дзеяньне ўказ, які забараняе фінансавым інстытутам ЗША набываць рублёвыя аблігацыі.
У нядаўняй тэлефоннай размове з Уладзімірам Пуціным прэзыдэнт Байдэн падкрэсьліў, што ЗША будуць дзейнічаць цьвёрда, абараняючы свае нацыянальныя інтарэсы.
У ходзе праведзенага ў сераду брыфінгу прэс-сакратар Белага дому Джэн Сакі адзначыла, што мэтай тэлефанаваньня было пазначыць, што дзеяньні Масквы не застануцца без наступстваў.