«Беларусаў там было 150 чалавек, а не дзясяткі тысяч». Міты і факты пра канцлягер у Бярозе Картускай

Бяроза Картуская

У міжваенныя гады адна згадка пра Бярозу Картускую наводзіла жах. У гэтым месцы на сучаснай Берасьцейшчыне польскія ўлады перавыхоўвалі палітычных ворагаў. Сёньня гісторыю лягера спрабуюць выкарыстоўваць улады і дзяржпрапаганда, плодзячы фэйкі і маніпулюючы фактамі.

11 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў нацысцкіх лягераў. Праўладныя актывісты правялі яго ў Бярозе. Прысутны там кіраўнік Моладзевага парлямэнту пры Нацыянальным сходзе Ягор Макарэвіч напісаў пазьней у сваім Фэйсбуку, што з паняцьцем «фашысцкіх лягераў» беларусы сутыкнуліся за дзесяцігодзьдзі да пачатку вайны.

«Дзясяткі тысяч зламаных лёсаў нашых суайчыньнікаў, тых, хто змагаўся за ўзьяднаньне Беларусі і вызваленьне ад польскага прыгнёту!» — напісаў Макарэвіч і дадаў, што разам з экспэртамі ён паўдзельнічаў у дыскусійнай пляцоўцы наконт захаваньня аб’ектыўнай гістарычнай памяці.

Міжваенная Польшча, бясспрэчна, была аўтарытарнай краінай. Але лягер у Бярозе, хоць і быў страшным месцам, ня меў нічога супольнага з нацысцкай або фашысцкай ідэалёгіямі. І тым больш у Бярозе Картускай за 4 гады існаваньня не было ніякіх дзясяткаў тысяч беларускіх вязьняў. Найбольшай групай вязьняў там былі самі палякі.

Але пра ўсё па парадку. Разабрацца, чым быў гэты лягер, нам дапаможа дасьледчык Сяргей Кнырэвіч, ураджэнец Бярозы. Гісторыяй лягера ён займаецца 20 год.

Cтаршыня Рады БНР Івонка Сурвіла, дасьледчык Сяргей Кнырэвіч і праўнучкі беларускага дзеяча ў Празе Мікалая Вяршыніна адкрываюць яго мэмарыяльную шыльду. 2018 год.

Хто і навошта стварыў лягер у Бярозе

«На пачатку 1930-х гадоў, на фоне сусьветнага эканамічнага крызісу, унутры Польшчы рэзка ўзрасьлі і праблемы з нацыянальнымі меншасьцямі (у першую чаргу, з украінскай). Фактычна ўнутры польскай дзяржавы было тры сур’ёзныя палітычныя арганізацыі: польскія нацыяналісты (ONR — Obóz Narodowo-Radykalny), камуністы і левыя (КПП, КПЗУ, КПЗБ і іншыя) і ўкраінскія нацыяналісты (УВО — Українська військова організація)», — расказвае дасьледчык.

Практычна ўсе гэтыя арганізацыі мелі свае радыкальныя плыні і баявыя дружыны. Газэты таго часу былі запоўненыя паведамленьнямі аб сурʼёзных сутыкненьнях на вуліцах гарадоў, падчас якіх былі параненыя і забітыя з ужываньнем нават агнястрэльнай зброі.

«Добра пра гэтую сытуацыю расказвае польскі сэрыял «Król», які выйшаў у мінулым годзе. Польскія ўлады шукалі спосаб, як часова ізаляваць найбольш актыўную частку гэтых арганізацый, і ўжо вясной 1934 году разглядалася прапанова стварыць лягер, куды будуць адпраўляць «небясьпечныя для дзяржавы элемэнты», — кажа Кнырэвіч.

Фармальнай прычынай, якая прысьпешыла стварэньне лягера, стала забойства міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Пярацкага. Ужо празь дзьве гадзіны пасьля сьмяротных стрэлаў польскі прэм’ер Леан Казлоўскі прадставіў Юзафу Пілсудскаму праект так званага месца ізаляцыі ў Бярозе. Да вайны Палесьсе было слабанаселеным рэгіёнам. Большую яго частку пакрывалі лясы і балоты. Дарог амаль не было. Гэта было ідэальнае месца для лягера, уцячы адтуль было амаль немагчыма.

У лягеры, разьмешчаным у старых царскіх казармах, улады плянавалі перавыхаваць апанэнтаў — фізычнымі і псыхічнымі катаваньнямі. Законным шляхам зрабіць гэта было вельмі цяжка, таму па факце лягер у Бярозе пярэчыў нават тагачаснай польскай Канстытуцыі. Зь цягам часу ў лягер пачалі прывозіць людзей за ўчыненьне эканамічных злачынстваў, махляроў, ашуканцаў, сутэнэраў, валютчыкаў і спэкулянтаў.

Супрацоўнікі лягеру

За што можна было трапіць у Бярозу

Дастаткова было толькі здагадкі.

У Бярозу траплялі без суду і сьледзтва. Ізалявалі тых, адносна каго паліцыя не магла даказаць парушэньня закону. Хапала падазрэньня, што хтосьці парушае бясьпеку і грамадзкі парадак. Напрыклад, сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Язэп Баран трапіў у Бярозу толькі за тое, што адкрыта гаварыў пра вызваленьне саветамі Заходняй Беларусі.

На «перавыхаваньне» вязьня адводзілася 3 месяцы, але пры неабходнасьці тэрмін можна было прадоўжыць. Самы доўгі тэрмін ізаляцыі ў Бярозе склаў 2,5 года. Кіраўніцтва ставіла сваёй задачай максымальна аслабіць у вязьня ахвоту да супраціву.

Галоўнай катэгорыяй зьняволеных у Бярозе Картускай былі палітвязьні, большая палова зь іх — камуністы. У першыя гады найбольш масавай групай былі ўкраінскія нацыяналісты і польскія радыкалы. У 1937–38 гадах траціну вязьняў складалі крымінальнікі і спэкулянты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палякі часта маўчаць пра свае правіны, але гучна б’юць кулаком у чужыя грудзі». Вялікая гутарка з польскім гісторыкам

Кім былі першыя вязьні

Гэта былі дзевяцёра чальцоў польскага Нацыянальна-радыкальнага лягера (ONR) і сябры Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), якія падазраваліся ў дачыненьні да забойства міністра Пярацкага.

«Варта адзначыць, што практычна цягам амаль месяца не было ясна, хто забіў Пярацкага, і таму ў Бярозу трапілі прадстаўнікі трох асноўных палітычных груп: украінскія нацыяналісты, польскія правыя і камуністы», — дадае Сяргей Кнырэвіч.

Захаваліся іх успаміны. Бліжэйшыя некалькі месяцаў пад вартай яны зьбіраліся прысьвяціць чытаньню кніг і вывучэньню замежных моваў. Першыя вязьні Бярозы не маглі падазраваць, што іх чакае.

Колькі ў лягеры было беларусаў і колькі зь іх загінула

За 5 гадоў існаваньня лягера празь Бярозу прайшло 9 тысячаў вязьняў. Да верасьня 1939-га — 3000. Апошнія два тыдні існаваньня лягера там знаходзілася 6 тысяч чалавек.

«Беларусы за гады існаваньня Бярозы Картускай склалі ў лягеры каля 2–3%, то бок прыблізна 150–200 чалавек. Амаль усе былі палітвязьнямі-камуністамі, — кажа дасьледчык. — Некалькі дзясяткаў былі беларускімі незалежнікамі».

13 вязьняў памерлі ад хваробаў. У выніку зьдзекаў у Бярозе загінуў адзін беларус — камуніст Ян Мазырка. Пра яго мы згадаем пазьней.

Хто зь вядомых беларусаў прайшоў празь Бярозу

Нацыянальны і рэлігійны дзеяч Вячаслаў Багдановіч. Празь месяц пасьля вызваленьня зь лягера яго схапіў НКВД. Пры польскай уладзе Багдановіч амаль 10 гадоў быў сэнатарам, але пасьля прыходу «вызваліцеляў» трагічна загінуў усяго празь месяц. Па некаторых сьведчаньнях, яго расстраляў НКВД у тым жа годзе ў Лукіскай турме ў Вільні. Месца пахаваньня невядомае.

  • Сяргей Хмара — беларускі дзеяч і паэт. Быў у Бярозе двойчы, першы раз больш за год. Пасьля вызваленьня быў арыштаваны НКВД. Уцёк з-пад канвою.
  • Мікола Анцукевіч — былы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі.
  • Юльян Саковіч — беларускі грамадзкі і палітычны дзеяч.
  • Янка Шутовіч — беларускі літаратуразнавец, выдавец, грамадзкі і культурны дзеяч

Бяроза Картуская

Як выглядаў дзень вязьня ў Бярозе

Дзень пачынаўся ў 4.00 раніцы. Вязень меў пару хвілін на тое, каб абліцца вадою і апрануцца. Затым была прыборка і сьнеданьне.

У 6.30 пачыналася праца альбо ранішняя гімнастыка. Зь перапынкамі на абед і вячэру дзень працягваўся да 19.15. Пасьля гэтага абвяшчалася камэнданцкая гадзіна.

Правілы забаранялі вязьням размаўляць, курыць, атрымліваць пасылкі з прадуктамі. Сустрэчы з блізкімі і любыя самастойныя дзеяньні забараняліся. Вельмі часта праводзіліся начныя вобшукі. Нават каб пайсьці ў туалет альбо каб пачухаць нос, трэба было прасіць дазволу ў наглядчыкаў.

Рэаліі жыцьця ў Бярозе

  • Памыцца ранкам ня кожны меў магчымасьць. Лазьня прадугледжвалася раз на тыдзень. На 300 вязьняў было дзьве бочкі вады.
  • Вельмі часта пасьля чысткі туалету вязьні не пасьпявалі нават памыць рукі. Калі хтосьці не пасьпяваў на сьвісток адысьціся ад умывальніка, то яго білі.
  • На выкананьне фізіялягічных патрэб часам давалі пяць сэкундаў, у выніку ў вязьняў было шмат страўнікавых хваробаў.
  • У лягеры была свая бібліятэка (1934–1935), дзе вязьні маглі браць кнігі. Выданьні там былі палітычна правераныя, напрыклад, працы Пілсудскага. Украінцы жартавалі, што пытаньні тактыкі і стратэгіі палітычнай барацьбы яны вывучалі менавіта па кнігах Пілсудскага.
  • Вязень з Украіны Самуэль Падгаецкі ўзгадваў, як аднойчы аднаму беларусу загадалі бегчы сярод шэрагу паліцыянтаў. Беларус бег, трымаючы за плячо свайго сябра. Паліцыянты білі яго дручкамі і загадвалі пусьціць прыяцеля. «Беларус не прамовіў ані слова, па яго галаве сьцякала кроў, ён яшчэ мацней сьціскаў свайго таварыша й бег далей», — напісаў Падгаецкі ў сваіх успамінах.
  • Быў выпадак, калі аднаму ўкраінцу (яго прозьвішча было Чуба) ахоўнік загадаў лічыць да трох. Чуба гэта зрабіў па-ўкраінску і на загады лічыць па-польску не рэагаваў. За гэты ўчынак ахова яго зьбіла, пару дзён ён ня мог хадзіць.

«Сьцежка Сталіна»

У 1938 годзе вузкую дарогу на лягернай пляцоўцы засыпалі рэшткамі чырвонай цэглы й прымушалі вязьняў поўзаць па ёй на каленях. Яна атрымала назву «сьцежка Сталіна». Яе прыдумалі крымінальнікі, якіх у той год было ў лягеры вельмі шмат. Яны выконвалі там ролю «капа», то бок брыгадзіраў. Даўжыня сьцежкі складала каля 30 мэтраў. Пасьля каманды «лажыся» паліцыянты хадзілі па сьпінах зьняволеных.

Трагічна скончыўся зьдзек над беларускім камуністам Янам Мазыркам. Ахоўнікі засыпалі Мазырку лісьцем і па чарзе хадзілі па ім. Потым кінулі яго ў карцар. Увечары Мазырка захварэў на запаленьне лёгкіх і празь некалькі дзён памёр у шпіталі ў Кобрыні.

Мэмарыял у Бярозе

Праца вязьняў у Бярозе

  • Практычнага сэнсу ў лягернай працы, паводле ўспамінаў некаторых вязьняў, было мала, гэта быў адзін з мэтадаў перавыхаваньня крамольнікаў.
  • Вязьняў запрагалі замест коней, каб вазіць драўніну, камяні, гной. Зьняволеныя цягалі нават барану і плуг.
  • Але была і праца «па справе». Вязьні ўмацоўвалі шашу Бяроза — Кобрынь, пашыралі і паглыблялі рэчку Крэчат, што цячэ празь Бярозу, добраўпарадкавалі кляштар, брукавалі вуліцы ў Бярозе.
  • Бярозаўцы адказвалі за чысьціню тэрыторыі вакол лягера: вязьню давалі дзяркач у рукі і загадвалі чысьціць кілямэтровую сьцежку. З адной умовай: нельга было ні на момант разагнуцца.

Карцар

За сур’ёзныя правіны вязьняў зьмяшчалі ў карцар. Гэта былі памяшканьні бяз вокнаў і мэблі, толькі зь вядром на адкіды. Вязьні спалі на бэтоне, які часта палівалі 3–4 вёдрамі вады. Прысесьці або прылегчы на падлогу не было магчымасьці. Людзі хадзілі па вадзе.

Віленскі рабочы Маляровіч пасьля некалькіх месяцаў у карцары звар’яцеў. У 1937 годзе, пад ціскам грамадзкай думкі, яго вызвалілі.

Умовы ў лягеры кепска ўплывалі на ахову. Трое ахоўнікаў зьдзейсьнілі самагубства ў выніку нэрвовага зрыву. Пасьля заканчэньня працы ў Бярозе ахоўнікі некалькі месяцаў заставаліся бяз працы, каб «адысьці» ад жыцьця ў лягеры, і толькі пасьля гэтага іх накіроўвалі на працу ў пастарункі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Смалянчук: 1939 год — драма беларусаў і палякаў, але іншых шанцаў аб’яднацца ў Беларусі не было

Як выходзілі або ўцякалі зь Бярозы

Уцячы ўдалося аднойчы, у 1938 годзе. Гэта зрабіў крымінальнік Уладыслаў Новак. Палешукам забаранялася мець якія-колечы кантакты зь вязьнямі. За дапамогу і нават размову можна было самому трапіць у Бярозу.

«Пра адну са спробаў уцёкаў зь лягера мне расказаў адзін са сьведак, — расказвае Сяргей Кнырэвіч. — Каля 30 вязьняў прывялі да бярозаўскага касьцёла, каля якога капалі траншэі. У канцы дня зьняволеных пашыхтавалі і пачалі лічыць. Аднаго недалічыліся, ахова раптам забегала і зрабіла кальцо, прымусіўшы зьняволеных зноў перакапаць толькі што накіданыя кучы зямлі. У адной з траншэй быў выяўлены ўцякач, які накрыўся робай, а вязьні закідалі яго зямлёй. Пасьля гэтага выпадку зьняволеных не вадзілі на працы да касьцёла».

Выйсьці зь лягера можна было пасьля падпісаньня дэклярацыі аб ляяльнасьці альбо абяцаньня пакінуць Польшчу. Вязьні, напрыклад, павінны былі адмовіцца ад камуністычнай дзейнасьці. Але потым камуністы ў Бярозе згаварыліся, каб падпісваць усё, што ім даюць, а пасьля вызваленьня працягваць сваю дзейнасьць.

Расказваць пасьля вызваленьня пра тое, што адбывалася ў Бярозе, было нельга. Гэта пагражала вяртаньнем.

Што памятаюць старыя бярозаўцы пра тую турму?

Ці ведаў хтосьці, што адбывалася ў Бярозе

Супраць лягера ў Бярозе пратэставалі ў 30-я гады праваабарончыя арганізацыі, але да іх голасу ўлада не прыслухоўвалася. Улёткі пра ўмовы ў Бярозе неаднаразова канфіскоўваліся. Супраць існаваньня лягера выказваліся газэты практычна ўсяго палітычнага спэктру: ад правых да левых. Тэму ўздымалі ня раз і дэпутаты польскага Сэйму. Але ўсё было марна.

Калі ў Бярозу трапілі апошнія вязьні і што зь імі сталася

У верасьні 1939 году, калі немцы напалі на Польшчу, у Бярозу прыбылі апошнія вязьні. Агулам іх там было 6 тысяч. Апрача крымінальнікаў, там былі немцы, якіх палякі падазравалі ў шпіянажы.

Асноўную масу складалі польскія грамадзяне нямецкай нацыянальнасьці (3–3,5 тысячы), якіх польскія ўлады прэвэнтыўна ізалявалі. Прычым ня толькі ў Бярозе, але і ў іншых польскіх турмах. Збольшага гэта былі звычайныя грамадзяне, якія не цікавіліся палітыкай. Сярод іх было некалькі дзясяткаў сьвятароў. Другой па колькасьці групай былі ўкраінцы (1500–2000), і тут асноўную масу складалі звычайныя сяляне.

Асобна варта вылучыць невялікую групу нямецкіх ваеннапалонных (прыкладна 30–50 чалавек), у асноўным гэта былі лётчыкі. Лёс гэтых ваеннапалонных быў трагічны.

Апошнія вязьні Бярозы выйшлі на свабоду пасьля прыходу бальшавікоў 17 верасьня. Раніцай 18 верасьня вязьні канцлягера ўбачылі, што ніякай аховы няма. Як высьветлілася, ахоўнікі ўцяклі самі, баючыся набліжэньня савецкіх войскаў.

Але афіцыйны дэкрэт прэзыдэнта, на моцы якога быў створаны лягер, урад у выгнаньні скасаваў толькі ў верасьні 1941 году.

Ці праўда, што немцы стваралі свае лягеры на ўзор Бярозы

«Аналягічныя лягеры, — кажа Сяргей Кнырэвіч, — былі ў многіх таталітарных краінах таго часу. Мне невядома, каб палякі бралі за ўзор нацысцкія канцлягеры, ці наадварот. Лёгіка таталітарнай дзяржавы такая, што яна хоча ізаляваць тых, хто палітычна не даспадобы, і так адбывалася ў СССР, Нямеччыне, Італіі і іншых краінах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 65 год таму камуністы асудзілі сталінізм. Як гэта было і чаму сталіністы ёсьць дагэтуль