Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў адвакат Аляксандрава Антон Гашынскі пасьля наведваньня свайго падабароннага ў СІЗА.
Аляксандраў і ягоная дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. 14 студзеня ў рамках расьсьледаваньня справы Аляксандрава прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ён у 2014–2018 гадах займаў пасаду намесьніка дырэктара.
Аляксандраў і ягоная дзяўчына падазраюцца сілавікамі ў фінансаваньні пратэставай дзейнасьці. «Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 году займаліся фінансаваньнем асоб, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэставых акцыях на тэрыторыі гораду Менску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампэнсацыі ўтрыманьня ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей», — заявіў раней намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
Паводле яго, ад 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году Аляксандраў і Злобіна сплацілі больш за 250 штрафаў розным асобам. Грашовыя сродкі для гэтых мэтаў былі накіраваныя фондам By_Help.
12 красавіка стала вядома, што ўправа Сьледчага камітэту па Менску ўзбудзіла крымінальныя справы ў дачыненьні да заснавальнікаў ініцыятывы BY_Help Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака, якія, паводле вэрсіі сьледзтва, зьвязаныя з Аляксандравым і Злобінай.
«Падчас папярэдняга расьсьледаваньня сьледчымі ва ўзаемадзеяньні з ГУБАЗіК МУС выяўленыя факты арганізацыі і перадачы Аляксеем Лявончыкам і Андрэем Стрыжаком пры дапамозе іншых асобаў грашовых сродкаў для наступнага іх выкарыстаньня ў злачыннай дзейнасьці Аляксандрава і Злобінай», — гаворыцца ў паведамленьні СК.
Разам з тым праваабаронцы сьцьвярджаюць, што аплата штрафаў не зьяўляецца фінансаваньнем групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Як патлумачыў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, калі б Аляксандраў іх сапраўды фінансаваў, ягоныя мэты і намер былі б скіраваныя на тое, каб плаціць грошы людзям за ўчыненьне канкрэтных дзеяньняў. На думку праваабаронцы, у дадзеным выпадку Аляксандраў займаўся праваабарончай дабрачыннай дзейнасьцю, «таму што грошы былі сабраныя людзьмі для таго, каб каму-небудзь дапамагаць».
Стэфановіч лічыць выстаўленае абвінавачаньне недарэчным і зьвязвае яго з публічнай і праваабарончай дзейнасьцю Аляксандрава. Да таго ж, кажа Стэфановіч, артыкул 342, паводле якога абвінавачваюць Аляксандрава, адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх, і для ўзяцьця абвінавачанага пад варту сьледзтву патрэбная сурʼёзная матывіроўка — што Аляксандраў, да прыкладу, небясьпечны для грамадзтва або можа ўзьдзейнічаць на сьведак і пацярпелых. «Як я разумею, ніякай матывацыі ў дадзеным выпадку не было», — сказаў праваабаронца.
У СІЗА Аляксандраў і Злобіна пастаўленыя на ўлік у якасьці асобаў, схільных да экстрэмізму.
Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.