Праавабаронцу «Вясны» ў Баранавічах затрымалі ў судзе нібыта за спробу зрабіць фота і пасадзілі на 15 сутак. Ён абвясьціў галадоўку

Аляксандар Вайцешык

У чым прызналі вінаватым Аляксандра Вайцешыка, невядома.

14 красавіка ў судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы затрымалі мясцовага праваабаронцу «Вясны» Аляксандра Вайцешыка, які рабіў маніторынг судовага працэсу, паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру.

Паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі за тое, што ён нібыта фатаграфаваў абвінавачанага. Хаця, як пасьпеў заявіць Аляксандар, ён толькі запісваў на дыктафон працэс, што зьяўляецца ягоным правам.

Але судзьдзя Кміта не паверыў у гэта. Праваабаронцу прымушалі паказаць тэлефон, але ён не пагадзіўся. Тады ў яго забралі мабільнік, а самога затрымалі.

15 красавіка стала вядома, што Аляксандра Вайцешыка асудзілі на 15 дзён арышту. На наступны дзень стала вядома, што праваабаронцу арыштавалі паводле артыкула 24.1 КаАП (непавага да суду). На знак пратэсту на незаконнае затрыманьне і несправядлівы арышт Аляксандар абвясьціў галадоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Тацяну Гацуру-Яворскую перавялі ў менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяляцкага дапыталі ў Сьледчым камітэце з другой спробы, гэтым разам усё было па-беларуску