Надалей Helm будзе ацэньваць магчымасьць супрацоўніцтва з гэтым горадзенскім прадпрыемствам толькі пасьля праверкі ўмоваў аховы працы на «Гродна Азоце», гаворыцца ў лісьце.
Паводле страйкаму, Helm AG купляў 10% гадавога абʼёму прадукцыі «Гродна Азоту».
Напярэдадні каманда Сьвятланы Ціханоўскай сумесна з актывам страйкаму, а таксама беларускімі дыяспарамі накіравала кампаніі Helm AG ліст.
У лісьце падалі канкрэтныя прыклады рэпрэсій на «Гродна Азоце» і назвалі імёны больш як 40 работнікаў, якія былі арыштаваныя ці аштрафаваныя за свой пратэст. Таксама ў лісьце тлумачылася, як кіраўніцтва заводу парушае правы працоўных на страйк, цісьне на супрацоўнікаў і прымушае да працы. Ад каманды Ціханоўскай ліст падпісаў Валеры Кавалеўскі.
Сёлета за далучэньне да страйку з заводу звольнілі як мінімум 30 чалавек.
Сямейная кампанія Helm мае звыш 100 філіялаў і прадстаўніцтваў больш як у 30 краінах сьвету.
Начальнік аддзелу маркетынгу «Гродна Азоту» Тацяна Раманюк у сваю чаргу заявіла, што з кампаніяй Helm AG апошняе супрацоўніцтва было ў лютым 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйкам горадзенскага «Азоту» зьвярнуўся да нямецкіх партнэраў прадпрыемства з прычыны парушэньня правоў рабочых