Расейскага палкоўніка ў адстаўцы Ўладзіміра Квачкова дэпартавалі пасьля таго, як ён перадаў у адміністрацыю Лукашэнкі ліст з прапановамі, як зьмяніць выбарчую сыстэму ў Беларусі.
У відэароліку на YouTube Квачкоў расказаў, што прыехаў у Менск на канфэрэнцыю «Русь — адзіная Айчына». І адразу па прыезьдзе занёс у адміністрацыю Лукашэнкі адкрыты ліст з прапановай выбіраць замест дэпутатаў цемнікаў, а замест Палаты прадстаўнікоў — вярхоўны земскі савет.
У той жа дзень ён выступіў на канфэрэнцыі з двума дакладамі і атрымаў грамату за актыўны ўдзел у ёй.
А праз 24 гадзіны яго выслалі з забаронай уезду на 10 гадоў.
Канфэрэнцыя праходзіла з 9 да 11 красавіка ў Рэспубліканскім культурна-асьветніцкім цэнтры Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (будынак КЗ «Мінск»).
Уладзімір Квачкоў служыў у Галоўным выведным упраўленьні Генштабу Расеі.
На пачатку 2000-х удзельнічаў у рабочай групе міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі па ўніфікацыі заканадаўства.
У 2005 годзе яго абвінавацілі ў замаху на Анатоля Чубайса і ўзялі пад варту. Праз тры гады суд яго апраўдаў.
У 2009 годзе Квачкоў стварыў незарэгістраваную арганізацыю «Народнае апалчэньне імя Мініна і Пажарскага». У 2015 яе прызналі ў Расеі тэрарыстычнай.
У 2010 годзе Квачкова зноў арыштавалі і праз тры гады асудзілі за арганізацыю ўзброенага мяцяжу і тэрарызм. Паводле ФСБ, ён з паплечнікамі зьбіраўся захапіць зброю ў вайсковых частках і зладзіць паход на Маскву, каб зрынуць уладу. Квачкоў віны не прызнаў. На волю ён выйшаў у 2019 годзе. Цяпер яму 72 гады.
Ён называе сябе рускім хрысьціянскім нацыяналістам і прыхільнікам рускай праваслаўнай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны разбурылі мой сьвет і маю сям’ю». Улады дэпартавалі бацьку сямʼі ў Расею, сына ў Літву, а жонку арыштавалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Брутальная рэальнасьць рэжыму, які падтрымліваецца Крамлём». CNN апублікавала расьсьледаваньне аб гвалце і беззаконьні ў Беларусі