«Закрылі заўчасна. Пры прычыны ня кажуць, магу толькі здагадвацца», — пацьвердзіў вядомы мастак, — «На суботу-нядзелю яшчэ плянаваліся экскурсіі, зьбіраўся на закрыцьцё ў нядзелю запрасіць сяброў. Але ў пятніцу патэлефанавалі, што выставу ўжо закрываюць, карціны здымаюць. Для мяне такое не ўпершыню. Пацьвердзіўся жарт, што я і Алесь Пушкін — самыя закрываемыя беларускія мастакі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выстаўку беларускіх мастакоў у Кіеве можна наведаць онлайн. Арганізатары ствараюць 3D-турПэрсанальная выстава Аляксея Марачкіна была часткай агульнай выставы «Разам», якую суполка Саюзу мастакоў «Пагоня» прысьвяціла свайму 30-гадоваму юбілею. Адзін з арганізатараў выставы «Разам» у размове з карэспандэнтам падкрэсьліў, што ня мае прэтэнзій да Палаца мастацтва, але асобныя ўдзельнікі не хаваюць расчараваньня.
Сярод іх мастак Алесь Цыркуноў, у якога дэманстраваліся некалькі палотнаў.
«Удалося ўключыць у выставу і палотны, прысьвечаныя Слуцкаму паўстаньню. Нам казалі, што працуем да 17 гадзіны ў нядзелю, але раніцай суботы ўсё згарнулі. Крыніца мне паведаміла, што гэта з прычыны праваслаўнай выставы, якая тут пачнецца, але як сапраўды — хто ведае», — сказаў Алесь Цыркуноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Помста за іншадумства». Мастакі суполкі «Пагоня» выступілі ў падтрымку зьняволенага Алеся ПушкінаНа ўрачыстым адкрыцьці выставы Алеся Марачкіна «Аква/арэлі+» з прамовай выступаў і старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Палітык вельмі шкадуе, што гэтак абышліся з прызнанымі майстрамі, у тым ліку Алесем Марачкіным.
«Ён наш аднадумца, сябра сойму партыі, адказвае за культурніцкі сэктар, але мы вельмі цэнім яго менавіта як выдатнага мастака. За ўласны стыль, за сацыяльны грунт ягоных прац. А мне вельмі цікава было адкрыць яго і як майстра акварэлі. Мяркую, ня толькі мне. Але вось некаторым не ўдалося, бо выставу закрылі. Ну што? Улада і тут паказала сваю сутнасьць», — мяркуе Рыгор Кастусёў.
Аляксей Марачкін у сваёй частцы выставы паказаў больш як 40 акварэляў і некалькі палотнаў, напісаных алеем. Сярод іх была карціна «Вецер пераменаў» з выявай жанчыны, у якой можна пазнаць актывістку Ніну Багінскую. Яшчэ адно палатно прысьвячалася Раману Бандарэнку, які загінуў пасьля інцыдэнту на «плошчы Перамен». Ці маглі гэтыя карціны спрычыніцца да закрыцьця выставы мастака на 2 дні раней?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрыя Баскава асьвісталі пасьля матчу ў ГомліАляксей Марачкін згадвае, як за дзень да закрыцьця выставы яе наведаў высокі чыноўнік з Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
«Прайшоўся па выставе „Разам“, дайшоў і да мяне. Пастаяў каля карціны „Камень веры“, распытаў пра дэталі, якія там намаляваныя, але нічога не сказаў, сышоў. А потым даведваюся, што ўсё, закрылі. Але нічога. Для мяне цуд, што ўвогуле выстава адбылася, бо напярэдадні быў час, калі ўжо не спадзяваўся».
Дырэктар Палаца мастацтва Аляксандар Зінкевіч ад камэнтару адмовіўся.
У Палацы мастацтва паведамілі, што цяпер там рыхтуюць плошчы пад выставу прыходаў Беларускай праваслаўнай царквы, прымеркаванай да Вялікадня. «Праваслаўная выстава адкрыецца 14 красавіка», — паведаміла супрацоўніца Палаца мастацтваў.