Беларускія рабочыя ствараюць свой рух і плятформу ў інтэрнэце. Мэта — падрыхтаваць агульнанацыянальны страйк

Ілюстрацыйнае фота. Страйк на «Беларуськаліі», жнівень 2020 году

Актыў беларускіх рабочых, незалежных прафсаюзаў і дыяспар запускае свой рух і плятформу «Рабочы рух». Мэта — падрыхтаваць агульнанацыянальны страйк. На думку рабочых, гэта самы дзейсны і бясьпечны мэханізм, каб выказваць пратэст і чыніць ціск на рэжым.

Пра стварэньне новага руху абвясьціла Сьвятлана Ціханоўская.

«Я заўсёды казала, што пратэст рабочых неверагодна важны для нашага шляху. І сёньня я рада падтрымаць іх у новым этапе барацьбы», — напісала яна.

«Рабочы рух» — гэта рух рабочых, які мае сваю плятформу stachka.org для каардынацыі дзеяньняў, сайт, сацсеткі і чат-бот у Тэлеграме @stachkom_bot, у які можна дасылаць карысную для актыву рабочых інфармацыю. Цяпер доступ для актывістаў — па паролі. У чацьвер да яе адкрыецца доступ для ўсіх ахвотных.

Рэгістрацыя на плятформе не патрабуе асабістых дадзеных. З дапамогай бясьпечнай і зашыфраванай сыстэмы кожны, хто на ёй зарэгістраваўся, зможа атрымліваць інфармацыю і ўдзельнічаць у рабочым руху ў сябе на прадпрыемстве і ў краіне ў цэлым. Плятформа ўжо працуе ў тэставым рэжыме і будзе гатовая да публічнага запуску ў бліжэйшы час, паведамляе Сьвятлана Ціханоўская і заклікае рабочых далучацца да руху, а ўсіх астатніх — падтрымліваць іх дзейнасьць.

Як адзначае Ціханоўская, у жніўні і кастрычніку, калі праходзілі першыя страйкі, у рабочых яшчэ не было вопыту і моцных сувязяў паміж прадпрыемствамі, і страйкоўцы зазналі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. Але цяпер «ёсьць вопыт страйку, сувязі паміж ключавымі прадпрыемствамі, выразны плян і падтрымка дыяспар па ўсім сьвеце — менавіта для таго, каб рыхтавацца да агульнанацыянальнага страйку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйкам горадзенскага «Азоту» зьвярнуўся да нямецкіх партнэраў прадпрыемства з прычыны парушэньня правоў рабочых
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка заклікаў Нарвэгію разарваць кантракт зь «Беларуськаліем»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пяцёра пад арыштам». Што адбываецца з супрацоўнікамі «Беларуськалію», якія далучыліся да страйку