Страйкам горадзенскага прадпрыемства «Азот» накіраваў ліст у Гамбург у штаб-кватэру кампаніі Helm AG, якая зьяўляецца партнэрам «Азоту». У лісьце — дэталёвае тлумачэньне становішча на прадпрыемстве, піша тэлеграм-канал страйкаму.
Адзін з самых маштабных пакупнікоў прадукцыі «Гродна Азоту» атрымаў апавяшчэньні пра ўсе факты парушэньняў правоў працоўных у Беларусі. Немцам нагадалі і аб магчымым аднаўленьні санкцый ЗША ў канцы красавіка.
Кіраўніцтву Helm прапанавалі правесьці сустрэчу і перамовы дзеля больш падрабязнага тлумачэньня пазыцыі работнікаў прадпрыемства і вызначэньня далейшых дзеяньняў з боку кампаніі ў дачыненьні «Гродна Азот».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка заклікаў Нарвэгію разарваць кантракт зь «Беларуськаліем»Раней страйкам «Беларуськалію» заклікаў нарвэскую кампанію Yara разарваць кантракт зь «Беларуськаліем».
У студзені Yara International заявіла, што трымаецца ўнівэрсальнага парадку дня ў галіне правоў чалавека, у тым ліку права на страйк, і падтрымлівае вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ў асуджэньні парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Яна выказала спадзяваньне, што «Беларуськалій» будзе паважаць правы работнікаў і ўстрымлівацца ад рэпрэсіўнай палітыкі.
Кіраўніцтва «Беларуськалію» заявіла, што гатова працягваць узаемадзеяньне з Yara International, зьняць дысцыплінарныя спагнаньні з работнікаў, а звольненых раней — прыняць назад.
У адказ страйкам «Беларуськалію» заявіў, што аднаўленьне кантрактаў магчымае толькі ў выпадку выкананьня ранейшых патрабаваньняў:
- спыненьне перасьледу за грамадзянскую пазыцыю,
- вызваленьне палітвязьняў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў,
- пачатак крымінальных спраў у дачыненьні да сілавікоў,
- прыцягненьне Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай да адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў.