Пасьля гадавога перапынку на беларуска-літоўскай мяжы aдкрываюцца тры пункты пропуску

Памежны пункт Каменны Лог. Ілюстрацыйнае фота

Ад панядзелка на мяжы Літвы зь Беларусьсю адновяць працу тры памежныя пункты, паведаміла Дзяржаўная памежная служба Літвы.

Яны былі закрытыя з пачаткам пандэміі ў сакавіку летась.

Аднавіць працу ў гэтых пунктах вырашыў на мінулым тыдні ўрад Літвы.

У панядзелак аднаўляецца праца пунктаў Шумск — Лоша ў Віленскім раёне, Цьверач (Tverečius) — Відзы у Ігналінскім раёне, Папелікі (Papelekis) — Лынтупы ў Сьвянцянскім раёне.

Паводле дадзеных памежнай службы, праз апошні пункт змогуць праехаць толькі транспартныя сродкі, якія перавозяць буйныя і цяжкія грузы, а празь першыя два — легкавыя аўтамабілі. Акрамя таго праз пункт Цьверач — Відзы перасякаць мяжу змогуць і пустыя грузавікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ва ўмовах COVID». На беларускай мяжы не працуюць 9 пунктаў пропуску

Пасьля ўвядзеньня карантыну ў сакавіку летась колькасьць наземных пунктаў кантролю, якія працуюць на мяжы Літвы зь Беларусьсю, была зьменшаная — працавалі толькі пункты пропуску Райгорад (Raigardas) — Прывалка, Салечнікі — Беняконі, Лаварышкі — Катлоўка і Меднікі — Каменны Лог.

У лістападзе летась пачалася мадэрнізацыя найбуйнейшага пункту Меднікі на літоўска-беларускай мяжы. З прычыны рэканструкцыі зьнізілася яго прапускная здольнасьць, не засталося магчымасьці перавозіць вялікія і цяжкія грузы.

З гэтай мэтай адкрыты пункт Папелікі, празь які з пропускамі Літоўскай дырэкцыі аўтамабільных дарог можна перавозіць грузы шырынёй да 5,6 м і неабмежаванай вышыні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніткі беларускага «бізнэсу» ў Літве: літоўскія курцы прыносяць рэжыму Лукашэнкі дзясяткі мільёнаў эўра

Падчас рэканструкцыі пункту Меднікі узьнікла неабходнасьць перанакіраваць патокі грузавых транспартных сродкаў, таму для пустых транспартных сродкаў быў адкрыты пункт Цьверач.

Пункт Шумск знаходзіцца ў той самай дарожнай сетцы і кірунку, што і пункт Меднікі, таму, як чакаецца, аднаўленьне яго працы зьменшыць паток аўтамабіляў у рэканструяваным пункце Меднікі.