Выбарнікі ў Чадзе 11 красавіка галасуюць на прэзыдэнцкіх выбарах. На іх дзейны прэзыдэнт Ідрыс Дэбі зьбіраецца працягнуць сваё 30-гадовае кіраваньне яшчэ на шэсьць гадоў. Агенцтва Reuters падабрала інфармацыю пра шматгадовых кіраўнікоў у Афрыцы і дзясятку афрыканскіх лідэраў, якія застаюцца ва ўладзе даўжэй.
Экватарыяльная Гвінэя
Тэадора Абіянг — больш за 41 год
(3 жніўня 1979 году — да сёньня)
Абіянг, якому цяпер 78 гадоў, захапіў уладу ў свайго дзядзькі ў выніку дзяржаўнага перавароту. Тым часам як апазыцыйныя партыі былі легалізаваныя ў 1992 годзе, Дэмакратычная партыя Экватарыяльнай Гвінэі Абіянга дамінуе ў краіне. З тых часоў на кожных выбарах ён набірае больш за 90% галасоў, некаторыя выбары апазыцыя байкатавала.
Камэрун
Пол Бія — больш за 38 гадоў
(6 лістапада 1982 году — да сёньня)
Бія пераняў паўнамоцтвы ад прэзыдэнта Ахмаду Ахіджа ў 1982 годзе, пасьля таго, як сем гадоў займаў пасаду прэм’ер-міністра. 88-гадовы Бія перамог у пяці шматпартыйных выбарах з 1992 году. Апазыцыя назвала вынікі махлярствам. Абмежаваньні на два тэрміны былі скасаваныя ў 2008 годзе.
Рэспубліка Конга
Дэні Сасу-Нгеса — 38 гадоў
(8 лютага 1979 — 31 жніўня 1992 году; 25 кастрычніка 1997 году— да сёньня)
77-гадовы Сасу-Нгеса заступіў на пасаду ў 1979 годзе, перад тым, як прайграў першыя шматпартыйныя выбары ў краіне ў 1992 годзе. Яму зноў удалося прыйсьці да ўлады ў 1997 годзе пасьля грамадзянскай вайны. І ён зьмяніў Канстытуцыю ў 2015 годзе, каб дазволіць сабе зноў пераабрацца. Ён быў абвешчаны пераможцам чарговых выбараў у сакавіку сёлета.
Уганда
Ёвэры Мусэвэні — больш за 35 гадоў
(29 студзеня 1986 году — да сёньня)
Мусэвэні стаў прэзыдэнтам, калі адданыя яму сілы захапілі сталіцу Кампалу пасьля пяцігадовай партызанскай вайны. 76-гадовы Мусэвэні выйграў шэсьць выбараў з 1996 году, апошнія зь якіх адбыліся ў студзені 2021-га. Парлямэнт двойчы мяняў Канстытуцыю, каб дазволіць яму балятавацца, спачатку адмяніўшы абмежаваньні на два тэрміны ў 2005 годзе, а затым адмяніўшы ўзроставую мяжу ў 75 гадоў у 2017 годзе.
Эсватыні (Свазілэнд)
Кароль Мсваці III — амаль 35 гадоў
(25 красавіка 1986 году — да сёньня)
Абсалютны манарх Мсваці, якому цяпер 52 гады, быў каранаваны ў красавіку 1986 году. Палітычныя партыі былі забароненыя ў 1973 годзе ў Эсватыні, невялікай краіне, раней вядомай як Свазілэнд.
Чад
Ідрыc Дэбі — больш за 30 гадоў
(2 сьнежня 1990 году — да сёньня)
Дэбі захапіў уладу на чале ўзброенага паўстаньня. Абмежаваньні на два тэрміны былі адмененыя ў 2005 годзе і зноў уведзеныя ў 2018 годзе. Гэты крок ня будзе прымяняцца са зваротнай сілай, таму 68-гадовы Дэбі зможа заставацца ля ўлады яшчэ два шасьцігадовыя тэрміны пасьля выбараў у красавіку 2021 году. Яшчэ перад выбарамі Дэбі заявіў, што ён іх дакладна выйграе.
Эрытрэя
Ісаяс Афвэркі — амаль 28 гадоў
(19 траўня 1993 году — да сёньня)
Афвэркі, якому 75 гадоў, кіруе з моманту абвяшчэньня незалежнасьці Эрытрэі ад Этыёпіі. У Эрытрэі ніколі не было агульных выбараў, і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Эрытрэю адной з самых рэпрэсіўных дзяржаваў у сьвеце.
Джыбуці
Ісмаіл Амар Геле — амаль 22 гады
(8 траўня 1999 году — да сёньня)
73-гадовы Геле быў абраны для таго, каб пераняць уладу пасьля ягонага дзядзькі, лідэра барацьбы за незалежнасьць, Хасана Гуледа Аптыдона. Ён выйграў чацьвёрты пяцігадовы тэрмін у 2016 годзе і ў гэтым месяцы будзе дамагацца пераабраньня яшчэ на пяць гадоў.
Марока
Кароль Мухамад VI — больш за 21 год
(23 ліпеня 1999 — да сёньня)
57-гадовы Мухамад VI быў каранаваны, калі яго бацька, Хасан II, памёр ад сардэчнага прыступу. Мараканская каралеўская сямʼя валадарыць ад 1631 году, што робіць яе самай старой дынастыяй мусульманаў у сьвеце.
Руанда
Пол Кагамэ — амаль 21 год
(22 красавіка 2000 года — да сёньня)
63-гадовы Кагамэ шырока разглядаўся як фактычны лідэр Руанды пасьля таго, як яго паўстанцкая армія спыніла генацыд 1994 году. Прэзыдэнтам яго абраў парлямэнт у 2000 годзе. Канстытуцыя была зьмененая ў 2015 годзе, каб дазволіць яму дамагацца трэцяга сямігадовага тэрміну ў 2017 годзе і яшчэ двух пяцігадовых тэрмінаў, гэта значыць, ён можа заставацца ва ўладзе аж да 2034 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 забытых фактаў пра беларускую Канстытуцыю. Куды зьніклі яе аўтары і чаму Лукашэнка мае царскія паўнамоцтвы