«Калі ў вас ёсьць рэчы ў добрым стане — будзем рады іх прыняць», — зьвяртаюцца беларусы да ўсіх ахвотных на сваім Тэлеграм-канале. Аднак рэчаў прыносяць так шмат, што часам не хапае месца.
Грошы, заробленыя такім чынам, ужо пайшлі на аплату штрафаў беларусам Санкт-Пецярбургу, а таксама на адваката 16-гадоваму палітвязьню Мікіту Залатарову, якому ў Беларусі далі 5 гадоў калёніі за «масавыя беспарадкі», а цяпер распачалі яшчэ адну крымінальную справу за нібыта напад на канваіра.
Прадстаўнікі беларускага зямляцтва ў Санкт-Петербургу выходзяць на вулічныя акцыі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі больш як 200 дзён, штораз у новым месцы, заўсёды зь бчб сьцягамі. Пікетаваць беларускую амбасаду ім забаранілі — нібыта праз каранавірус. Пецярбурскія суды пачалі даваць за несанкцыянаваныя акцыі штрафы і суткі. Прычынай нядаўняга арышту чатырох актывістаў зь беларускага зямляцтва стаў запіс відэароліка, дзе яны сьпяваюць у падтрымку пратэстаў у Беларусі, а адзін з удзельнікаў усклікае «Свабоду Навальнаму!»
Санкт-пецярбурскія беларусы падтрымліваюць таксама перадачамі сябра страйкаму «Беларуськалія» Андрэя Прылуцкага, які сядзіць у пецярбурскай турме «Кресты». Ён зьехаў у Расею, дзе зьбіраўся папрасіць палітычнага прытулку, але яму адмовілі, арыштавалі, і ён за кратамі чакае экстрадыцыі ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве затрымалі пратэстоўца зь Беларусі