Заснавальніца Культурна-адукацыйнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, арганізатарка шматлікіх краязнаўчых канфэрэнцыяў і пленэраў, стваральніца двух музэяў, вядомая грамадзкая актывістка зь вёскі Германавічы Шаркоўшчынскага раёну 10 красавіка адзначае сваё 84-годзьдзе.
Апошнія тыдні Ада Райчонак лечыцца ад каранавіруснай інфэкцыі ў Наваполацкай лякарні. Хваробу яна перанесла ў цяжкай форме, на мінулым тыдні была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Але адужала вірус і пайшла на папраўку.
Падчас хваробы Ады Райчонак яе напаткала гора: у Германавічах памёр яе старэйшы сын Аляксандар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анкета пасьля лета. Ада Райчонак: «Дзесяціклясьнік Гонік аказаўся разумнейшы за мяне, настаўніцу»Ада Райчонак нарадзілася ў Віцебску, у час вайны загінуў яе бацька. Разам з маці маленькай дзяўчынцы давялося перажыць гады акупацыі, віцебскае гета і канцлягер.
Пасьля вайны сям’я пасялілася ў Полацку. Там у 1957 годзе Ада Райчонак скончыла пэдвучэльню. У 1965 годзе скончыла завочна філялягічны факультэт Пскоўскага пэдінстытуту. У 1971 годзе разам з мужам пераехала ў вёску Германавічы Шаркоўшчынскага раёну, дзе жыве і дагэтуль. Працавала настаўніцай расейскай мовы і літаратуры ў мясцовай школе, займалася краязнаўствам. Шмат гадоў аддала зьбіраньню і прапагандзе спадчыны мастака, этнографа і асьветніка Язэпа Драздовіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску адкрылася выстава пра мястэчка Лужкі, якое злучыла лёсы беларусаў і габрэяўРазам з сынам Міхасём, які пайшоў з жыцьця ў 25 гадоў, стварыла ў сваёй вёсцы два музэі — дзякуючы Адзе Райчонак вёска мае Музэй мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны Літаратурна-мастацкі музэй імя Міхася Райчонка.
У 1996 годзе грамадзкая арганізацыя «Культурна-адукацыйны цэнтар імя Драздовіча» правяла першы Драздовіцкі мастацкі пленэр. Ад таго часу яны праводзяцца рэгулярна.
У чэрвені 2010 году Адзе Райчонак стала ляўрэаткай прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», у 2018 годзе была ўзнагароджаная мэдалём да 100-годзьдзя БНР.