«Гэтая кніга ідэальна ўпісваецца ў фармат прэміі “Гліняны Вялес”. Бо падзеі адбываюцца ў рэгіёне, прычым у нашым рэгіёне – поўначы Беларусі. У сюжэце скарыстаныя мясцовыя легенды, вельмі старыя, яшчэ з язычніцкіх часоў. І па мастацкіх якасьцях кніга знаходзіцца на ўзроўні. Мы яе з задавальненьнем прачыталі», — сказаў Радыё Рацыя сакратар прэміі Андрэй Новікаў.
«Гісторыя страшная, але аж да жуды сьмешная. Магчымы працяг запаветаў Кафкі, Баршчэўскага, Хармса, Платонава і Гогаля. Кожны чытач знойдзе ў рамане нешта блізкае для сябе: вострасюжэтны трылер, філязофскую прыпавесьць, сацыяльную драму, а хтосьці проста пасьмяецца з дакладнага адбітку бязьлітаснай беларускай рэчаіснасьці», — напісана ў анатацыі да раману.
Сам Артур Клінаў пра свой раман казаў так:
«Гэтая антыўтопія спрабуе змадэляваць пэўную схему, напрыклад: а што было б, калі б у адным невялічкім пасёлку, які згубіўся ў лясах і балотах Беларусі, жылі пярэваратні? Гэтых пярэваратняў ніхто ня ведае, яны жывуць побач з намі, іх ніхто ня ведае, але час ад часу яны кагосьці зьядаюць. І ўвесь пасёлак жыве ў страху. Гэта адна мадэль. Ці іншая мадэль такой антыўтопіі: што было б, калі б у такім пасёлку нехта раптам вырашыў зрабіць Майдан? Збунтавацца супраць гэтага сацыяльнага ладу, гэтага страху, такога сабачага жыцьця — што было б, калі б такі Майдан рэальна адбыўся ў такім пасёлку?
З «Локісавым», як ні дзіўна, атрымалася так, што гэтая антыўтопія — раман я пачаў пісаць у 2015-м — у 2020-м адзін у адзін спраўдзілася. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі — гэта тая антыўтопія маленькага беларускага пасёлка, якая стала рэальнасьцю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Артур Клінаў і раман пра Беларусь у «пэрманэнтнай катастрофе»«Гліняны Вялес» — найстарэйшая незалежная штогадовая беларуская літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэту — Алесь Аркуш. Прэмія прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу году. Ляўрэат атрымлівае сымбалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.
У розныя гады ляўрэатамі прэміі станавіліся Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Арлоў, Андрэй Федарэнка, Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Барыс Пятровіч і іншыя. Стаць ляўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.
«У чым была місія «Глінянага Вялеса»? Увогуле, для нас гэтая прэмія была інструмэнтам літаратурнага працэсу. Мы хацелі з дапамогай гэтай прэміі спрыяць зьяўленьню новай літаратуры, якая пачала нараджацца ў 1990-м годзе», — расказаў Алесь Аркуш у нядаўнім інтэрвію Свабодзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Аркуш пра пісьменьнікаў і літаратуру: «Легенда мацнейшая за талент»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Краіны, якую мы ведалі, больш не існуе», — Віктар Марціновіч