Улады Кітая аштрафавалі ўладальніка AliExpress на рэкордныя 2,8 мільярда даляраў

Джэк Ма

Улады Кітая аштрафавалі карпарацыю Alibaba на 2,8 мільярда даляраў. Улады заявілі, што карпарацыя Alibaba прымушае прадаўцоў гандляваць толькі на адной плятформе. Гэта самы буйны штраф у гісторыі краіны.

Праблемы ў заснавальніка кампаніі Джэка Ма пачаліся пасьля таго, як у кастрычніку ён публічна раскрытыкаваў чыноўнікаў.

Ён абвінаваціў іх у цяганіне і заявіў, што рэгуляцыйныя меры, «прыдуманыя дзядамі», не адпавядаюць часу.

Гэтая крытыка прагучала акурат пасьля прамовы намесьніка старшыні КНР, 72-гадовага Ван Цішаня, які казаў пра небясьпеку пашырэньня новых фінансавых тэхналёгій для эканамічнай стабільнасьці.

Джэк Ма лічыўся самым багатым чалавекам у Кітаі. Ягоную маёмасьць ацэньвалі ў больш як 65 мільярдаў даляраў. Але з восені ацэнка яго актываў зьнізілася на 15 адсоткаў. Цяпер ён толькі чацьвёрты ў сьпісе найбагацейшых кітайцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ІТ-галіна ў Беларусі паводле ўнёску ў ВУП стала ўпоравень з аграрнай», — віцэ-прэм’ер Турчын
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайская пляцоўка AliExpress — абсалютны лідэр гандлю ў беларускай інтэрнэт-прасторы