Скаргі на катаваньне хлёркай затрыманых улады назвалі «ўкідамі»

Кадар зь відэа МУС

МУС заявіла, што ў менскім і жодзінскім ізалятарах правялі праверкі і не знайшлі ні ў каго апёкаў вачэй, цяжкага дыханьня ці іншых сымптомаў атручэньня хлёрам.

Сукамэрнікі тых, хто скардзіўся на катаваньні, ні на што не наракаюць.

Фактаў звароту па мэдычную дапамогу з гэткіх нагодаў не зафіксавана.

Паводле МУС, памяшканьні сапраўды дэзынфікуюць сродкамі на аснове хлёркі. Але робяць гэта для змаганьня з каранавірусам — і кажуць, хворых на COVID-19 ужо паменела. Зьняволеных з камэраў на час апрацоўкі выводзяць.

Дзяніс Урбановіч пасьля арышту ў жодзінскім ізалятары расказваў, як адбываецца дэзынфэцыя.

«Заходзіць ахоўнік і вылівае на падлогу вядро з вадой, у якую ўсыпаная хлёрка. Хлёркі столькі, што доўга дыхаць немагчыма. Нехта можа і апёкі атрымаць. Тлумачаць, што гэта патрэбна для дэзынфэкцыі ад каранавірусу. Там такі ахоўнік ёсьць, Вікенцьевіч, я яго ведаю. Кажу яму: «Дык дайце анучу, каб падлогу выцерці». Адказвае: «Здымі штаны і выцірай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Завялі ў душ і пачалі зьбіваць палкай. Маёр назіраў». Дзяніс Урбановіч пра зьдзекі ў Жодзіне

«Завялі ў душ і пачалі зьбіваць палкай. Маёр назіраў». Дзяніс Урбановіч пра зьдзекі ў Жодзіне

Мастачка Ліза Ганчарова пасьля арышту на Акрэсьціна.

«Зачынялі „кармушку“, закрывалі ўвесь кісларод і проста залівалі хлёркай. Мы гэтым дыхалі, у нас запалілася сьлізістая ва ўсіх. Рабілі гэта з пэрыядычнасьцю раз на два дні», — расказала дзяўчына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Казлоў: «Чалавека за пытаньне кінулі ў камэру голым. Фашызм адчувае сябе зусім камфортна ў ЦІПе, у СІЗА». ВІДЭА

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў пасьля арышту ў Жодзіне расказваў, што ў карцар, дзе ён быў, залілі шмат хлёркі, і людзям стала дрэнна празь некалькі хвілін. У самога Казлова моцна балелі вочы.

У лістападзе электрамантажнік Юры Шафранскі расказваў пра Акрэсьціна:

«У камэру залівалі вядро хлёркі, паўдня балота стаяла. Яны самі да нас баяліся заходзіць, таму што смурод стаяў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камэры на Акрэсьціна заліваюць канцэнтраванай хлёркай. Доктар тлумачыць, чым гэта шкодна