«Ніхто ў ружовых акулярах ня ходзіць, але мяккая сіла пераможа», — Вольга Кавалькова пра вяртаньне і помсту ўладаў

Вольга Кавалькова

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады, ляўрэатка прэміі імя Сахарава Вольга Кавалькова — пра вялікую плынь вымушанай эміграцыі беларусаў, жыцьцё ў Польшчы, працу ў камандзе, помсту ўладаў і час, калі трэба сыходзіць зь дзяржаўнай службы.

Глядзець відэаінтэрвію цалкам.

Сьцісла

  • Калі будзем эмацыйна рэагаваць на дзеяньні ўлады супраць нас, тады можам эмацыйна прымаць рашэньні, а гэта не патрэбна ў палітыцы.
  • Шмат прафэсійных людзей, зь якімі я працавала, ужо не працуюць ні ў міліцыі, ні на дзяржаўнай службе, туды прыходзяць людзі зь меншым досьведам.
  • Рабіць палітыку тут і цяпер, незалежна ад таго, хто ва ўладзе. Дэмакратыю нельга насадзіць звонку, яе можна толькі вырасьціць.
  • Для большасьці беларусаў, якіх я сустракала ў Польшчы, ад’езд быў вымушаны. Міграцыя досыць вялікая. Польшча дапамагае, але людзі не гатовыя тут жыць.


«Вельмі люблю Беларусь, нават болей, чым думала»

— Вольга, калі б год таму запыталі пра вашу найгалоўную мэту і мару, што б вы адказалі? І як бы сфармулявалі гэта цяпер?

Вольга Кавалькова

— Ня хочацца высакамоўных словаў, але я вельмі люблю Беларусь, напэўна, нават болей, чым думала, што люблю. І галоўная мэта, каб Беларусь была сапраўдным цэнтрам жыцьця Эўропы, квітнеючай краінай, каб кожны хацеў там жыць, працаваць і адпачываць. Для гэтага ў нас усё ёсьць, і галоўнае — людзі, самы моцны наш капітал. Мая мэта не зьмянілася. Гэта шлях, якім мы ідзем. Мы шмат зрабілі, каб наблізіць гэтую мэту, але ў нас яшчэ шмат наперадзе.

— Вы былі даверанай асобай у камандзе Сьвятланы Ціханоўскай падчас выбарчай кампаніі, пасьля вымушанага адʼезду вы часова ў Варшаве. Якая ваша сфэра адказнасьці і якая ваша актыўнасьць цяпер?

9 верасьня, Варшава. Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Матэвуш Мазавецкі (кіраўнік польскага ўраду) і Вольга Кавалькова.

— Я займаюся каардынацыяй паміж палітычнымі субʼектамі, каб мы рухаліся ў адным кірунку, каб у нас было разуменьне, хто чым займаецца, каб мы дапаўнялі адзін аднаго сваімі ідэямі і думкамі. Гэта штаб Сьвятланы Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, Каардынацыйная рада, іншыя палітычныя структуры, палітычныя лідэры. Гэта даецца не заўжды проста. Бо дэмакратыя і плюралізм думак — гэта працэс, гэта не дыктатура. У нас бываюць розныя погляды, але мы ўсе адзіныя ў галоўнай мэце — дасягнуць дэмакратычных зьменаў у Беларусі.

Таксама гэта міжнародныя сустрэчы, zoom-канфэрэнцыі, у якіх я агучваю пазыцыю па Беларусі, сустрэчы з рознымі супольнасьцямі. Гэта стратэгічныя распрацоўкі, удзел у розных праектах. Калі шчыра, то адпачынку няшмат, і за 7 месяцаў, што мяне няма ў Беларусі, няма адчуваньня, што я ня дома, толькі што я ў іншым месцы знаходжуся.

— Вы ня ў штабе Ціханоўскай, ня ў НАК, вы застаяцеся ў Каардынацыйнай радзе, і вы самі па сабе як Вольга Кавалькова...

— Мне падаецца, што ў нас так усе. Кожны сам па сабе. У мяне ёсьць свая думка, свой палітычны погляд, я самастойны палітык і магу дзяліцца сваім досьведам з усімі, таго самага чакаю ад сваіх калегаў. У кагосьці больш палітычнага досьведу, у кагосьці менш, але мы адзін аднаму дапамагаем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і Кавалькова запісалі супольны відэазварот

«Яны проста іншых мэтадаў ня маюць»

— Вы фігурантка крымінальнай справы аб «экстрэмісцкім фармаваньні» разам зь Ціханоўскай, Латушкам, Калесьнікавай і іншымі сябрамі Каардынацыйнай рады, за што пагражае каля 12 гадоў турмы. Гэта адна справа, па якой вы праходзіце на радзіме? Ці адчуваюць вашыя родныя і блізкія ў Беларусі ціск праз гэта?

— Я ведаю пра гэтую справу толькі са СМІ. Мой адвакат ня змог нічога даведацца. Безь мяне інфармацыю не даюць пра статус, пра тое, як усё рухаецца. Кажуць, што патрэбны асабісты ўдзел. Пра іншыя справы ня ведаю. Я ня думаю пра гэтую справу, бо разумею, што яна палітычна матываваная. Гэта перасьлед за думкі, за дзеяньні. Калі мы будзем эмацыйна рэагаваць на тое, што супраць нас улада робіць, тады можам эмацыйна прымаць рашэньні, а гэта не патрэбна ў палітыцы. Позвы мне не прыходзілі. Сябраў Каардынацыйнай рады ўсе шэсьць месяцаў выклікаюць у Сьледчы камітэт, справа не спыняецца.

Па заявах у СМІ мы бачым, што яны не супакойваюцца, каб даказаць, што мы нейкае экстрэмісцкае фармаваньне. Але Каардынацыйная рада дзейнічала заўжды ў прававым полі, мы ніколі не заклікалі да гвалтоўных дзеяньняў, больш за тое, мы асуджаем іх, змагаемся за тое, каб закон у Беларусі быў адзін на ўсіх.

— Гэтыя справы, якія цяпер ледзь ня штодня заводзяцца, — гэта дэманстрацыя каму і чаго?

— Яны проста іншых мэтадаў ня маюць. Усе даведваюцца пра новыя справы з паведамленьняў Генпракуратуры ці Сьледчага камітэту, ніхто асабіста нікому нічога не паведамляе. Яны найбольш рэагуюць на людзей, якія ў сыстэме працавалі. Для Лукашэнкі гэта як асабістая абраза ад людзей, якіх ён лічыў, магчыма, сваімі. Але так не бывае, што свае. Мы свае для народу, для беларусаў. Гэта нармальна, калі людзі сыходзяць з пасадаў і выказваюць сваю думку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ігнор Лукашэнкі на ўсіх узроўнях». Вольга Кавалькова расказала пра стратэгію Каардынацыйнай рады

«Мне падабалася працаваць на дзяржаўнай службе, бо яна дае магчымасьці дапамагаць людзям»

— Вы скончылі Акадэмію МУС, працавалі дзяржаўнай служачай. Напэўна, ведаеце настроі і можаце адчуць, што думаюць вашыя былыя аднагрупнікі і калегі. Як вам падаецца, якая частка іх здольная пайсьці супраць сыстэмы, а якая проста памяняе сьцяжкі на сталах пры зьмене ўлады, але самі ня зробяць нічога, калі нават і ня згодныя з тым, што адбываецца?

22 жніўня. Вольга Кавалькова на акцыі ля Камароўскага рынку.

— Выбар трэба было рабіць увосень, людзі выбіралі на мяжы дабра і зла, што ім рабіць. Цяпер сытуацыя досыць няпростая ўнутры сыстэмы. У мяне ёсьць калегі і знаёмыя, якія яшчэ працуюць. Шмат хто сышоў, ня толькі летась, але і раней. Досыць сурʼёзныя праблемы ў сыстэме адбываюцца апошнія 7 гадоў. Шмат прафэсійных людзей, зь якімі я працавала, ужо не працуюць ні ў міліцыі, ні на дзяржаўнай службе, туды прыходзяць людзі зь меншым досьведам.

Мэсыдж дэмакратычнай супольнасьці палягае ў тым, што мы ўсе людзі, і мы павінны ставіцца да людзей з павагай. Мне вельмі падабалася працаваць на дзяржаўнай службе, і я б не сыходзіла зь яе, бо яна дае магчымасьці дапамагаць людзям. Мы хочам, каб і ўнутры сыстэмы людзі атрымлівалі добрыя заробкі, каб працу настаўнікаў і лекараў паважалі і цанілі, каб ня трэба было хадзіць на працу ў балаклавах. І мы працуем на тое, каб усім нам, людзям з рознымі палітычнымі перакананьнямі, было камфортна і ўтульна жыць у адной краіне.

Напрыклад, я нармальна стаўлюся да чырвона-зялёнага сьцяга. Ён не выклікае ў мяне раздражненьня, і я хачу, каб у людзей з таго боку не выклікаў раздражненьня бел-чырвона-белы сьцяг. Мы такія ж людзі. І мы ўсімі даступнымі нам законнымі спосабамі будзем змагацца за ўладу, бо ў нас ёсьць сваё бачаньне. Мы можам не супадаць, але павінны рухацца разам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аляксандар Рыгоравіч, сыходзьце самі». Кавалькова пра гвалтоўны ад’езд, уласныя амбіцыі і супрацу з Канапацкай

«Ніхто ў ружовых акулярах ня ходзіць, але мяккая сіла пераможа»


— Я размаўляла з ізраільскай дакумэнталісткай Ксеніяй Сьвятловай, якая толькі вярнулася зь Беларусі, дзе здымала кіно пра жанчын — удзельніц пратэстаў. Рабочая назва фільму — «Мяккая сіла». Сьвятлова лічыць, што «часам мяккая сіла бывае больш эфэктыўная, чым бразганьне зброяй, што ўласьціва мужчынам. Ад жанчын мы ня чулі прапановаў „мачыць“. Калі магчымы дыялёг, чаму б не, калі немагчымы, давайце думаць, як мы можам падрыхтаваць наступную фазу пратэсту. Жанчыны рыхтуюцца на паўгода наперад. Гэта мяккая сіла на доўгі тэрмін. Яна будзе ціснуць, ціснуць і не адпускаць. Гэта жанчыны, у якіх ёсьць пляны». Ці згодныя вы, што наперадзе адносна доўгі тэрмін змаганьня, у якім мяккая сіла пераможа?

— Я пагаджуся. Аляксандар Лукашэнка не сышоў з пасады ў адзін момант. Гэта канстатацыя факту. Памятаю, 23 жніўня, калі мы выступалі каля «Плянэты», Марыя Калесьнікава казала пра тое, што ў нас доўгі шлях. І сапраўды, шлях дэмакратычных зьменаў і трансфармацый — гэта шлях не аднаго дня, і калі мы на яго ступілі, мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб зьмены адбываліся — фармаваньне грамадзянскай супольнасьці, мясцовых супольнасьцяў, прафэсійных супольнасьцяў, выкарыстаньне нават пры прававым дэфолце тых легальных мэтадаў, якія ў нас ёсьць.

Рабіць палітыку тут і цяпер, незалежна ад таго, хто ва ўладзе. Лукашэнка пры ўладзе, іншы пры ўладзе, усё роўна гэтым шляхам трэба ісьці. Дэмакратыю нельга насадзіць звонку, яе можна толькі вырасьціць. Мой погляд як палітыка — зараз час зьбіраць камяні і нарошчваць наш патэнцыял, прымушаць уладу да перамоваў на розных узроўнях. Ніхто ў ружовых акулярах ня ходзіць, але я думаю, што мяккая сіла пераможа. Яна ўжо перамагае. Мы бачым шмат перамогаў, якія адбыліся, у якія ніхто ня верыў. А тыя, хто паверыў, могуць гэта ацаніць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка працягвае расказваць казкі», — Кавалькова пра «дапамогу» Ціханоўскай

«Большасьць беларусаў, якіх я сустракала, ня хочуць сацыялізавацца ў Польшчы»

— Польшча заўсёды была прытулкам для беларусаў, якія зазналі палітычны перасьлед. Ці маеце вы прыблізнае ўяўленьне аб маштабах эміграцыі беларусаў у Польшчу празь перасьлед на радзіме? І, на вашае ўражаньне, якая частка іх «сядзіць на валізках», каб вярнуцца, а якая інтэгруецца і застанецца жыць і працаваць у Польшчы?

— Большасьць беларусаў, якіх я сустракала, ня хочуць сацыялізавацца ў Польшчы. Гаворыш з украінцамі, з грузінамі, якія з розных прычынаў трапляюць у Польшчу, дык яны хочуць тут працаваць і жыць. Для беларусаў, якіх я сустракала ў Польшчы, адʼезд быў вымушаны. Людзі яго не плянавалі. Міграцыя досыць вялікая. Польшча дапамагае, мае праграмы, накіраваныя на падтрымку, але людзі не гатовыя тут жыць. Вельмі многія пытаюцца, як дапамагчы, чым можам быць карысныя. У людзей няма адчуваньня, што яны тут на доўгі тэрмін.

Я ня ведаю лічбаў, колькі людзей апошнім часам выехалі зь Беларусі ў Польшчу, але па тым, што я магу бачыць, такога ніколі не было. Гэта вялізарная колькасьць людзей. Зьяжджаюць з розных прычын, але ў асноўным празь перасьлед. Студэнты, мэдыкі, усе, хто трапіў пад рэпрэсіі... Шукаюць, як тут уладкавацца, а гэта вельмі няпроста. Такіх рэпрэсій не было ў Беларусі з часоў Сталіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За што ж я змагалася?» Мянчанка расказала, як уцякла ў Польшчу і трапіла ў лягер для ўцекачоў

«Нават разумеючы цяжкую сытуацыю ў Беларусі, я хацела б быць там»

— Як уладкаванае ваша жыцьцё ў Польшчы? Як даўно ня бачылі родных? Чаго найбольш з жыцьця ў Беларусі вам бракуе цяпер?

Суд на Вольгай Кавалькова. 25 жніўня 2020.

— Фізычна ня бачыліся з чэрвеня, камунікуем праз зум, вайбэр. Гэта складана, да гэтага немагчыма падрыхтавацца. Нават разумеючы цяжкую сытуацыю ў Беларусі, я хацела б быць там. Для мяне важна прайсьціся па вуліцы, пасядзець у кавярні, працаваць там, дзе працавала, рабіць тое, што я магу рабіць. Я разумею, што я нашмат больш карысьці магу прынесьці і прыношу кожны дзень, знаходзячыся на волі, а не ў турме. Я хачу, каб мае сябры і калегі хутчэй былі на свабодзе, і ўсе на гэта працуюць.

Я ніколі ня думала, што так няшмат патрэбна чалавеку, калі апынулася тут. Няшмат адзеньня, нейкія базавыя патрэбы... У мяне ёсьць асабісты плян больш кароткі і больш далёкі. Яны залежаць ад таго, як будуць разьвівацца падзеі. Я разглядаю магчымасьць дадатковых кампэтэнцый, каб мець магчымасьць атрымліваць заробак. У мяне эканамічная і юрыдычная адукацыя ў Беларусі, і іх складана прымяніць у іншай краіне. Я ўпэўненая, што буду прымяняць іх усё ж у Беларусі.

Польскую мову ня ведаю, не вучу і не сацыялізуюся. Унутрана не магу зьмірыцца, што мне трэба гэта рабіць. Гэта інтуітыўныя рэчы. Я ў стане змаганьня. Парлямэнцкая кампанія, праймэрыз, прэзыдэнцкая кампанія, Каардынацыйная рада — паўтара года нон-стоп палітычнага жыцьця пры адсутнасьці нармальнай палітыкі. Мы жывём у вельмі цікавы гістарычны пэрыяд — зьменаў, веры людзей адзін у аднаго, салідарнасьці, якой ніхто не адчуваў раней. Я бачу, як пра Беларусь і беларусаў гавораць у сьвеце, гэта вялікае дасягненьне людзей, якія змагаюцца.

Мне бракуе абдыманьня зь сябрамі, не хапае камунікацыі, якая раней была, бо інтэрнэт гэтага не перадае. Калі нехта едзе, мне абавязкова перадаюць мае любімыя цукеркі «Беларусачка». Эміграцыя — гэта цяжка, калі ты не плянаваў і не ўяўляеш жыцьця ў іншай краіне. Некалькі гадоў таму я думала, ці зьехаць зь Беларусі дзеля каханьня, але не змагла гэтага зрабіць. Усё маё жыцьцё зьвязанае зь Беларусьсю, так ад нараджэньня далося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура завяла справы на Ціханоўскую, Кавалькову, Латушку і іншых сябраў Каардынацыйнай рады. Ім пагражае да 12 год турмы

«Ня можа быць ураду без улады»

— Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка казаў увосень, што ніхто ня хоча быць чарговым урадам у выгнаньні. Як ім ня стаць?

— Трэба сабе гэта раніцай нагадваць і разумець, што ня можа быць ураду без улады.

— Вы мэтанакіравана і прафэсійна займаецеся палітыкай, маеце досьвед працы ў дзяржаўных структурах, у апазыцыйнай партыі, у выбарчых кампаніях, у камандах кандыдатаў, у арганізацыі вулічных акцый, у падрыхтоўцы законаў. Вы праводзілі кампанію як прэтэндэнтка на кандыдата ў прэзыдэнты. Якая ваша палітычная амбіцыя цяпер, а якая ваша палітычная амбіцыя ў новай, дэмакратычнай Беларусі, да якой імкнецца большасьць беларусаў?

18 жніўня. Падчас паседжаньня Каардынацыйнай Рады. Марыя Калесьнікава, Вольга Кавалькова, Максім Знак.

— Мая палітычная амбіцыя не зьмяняецца, у мяне ёсьць бачаньне разьвіцьця краіны, ёсьць досьвед, жаданьне, любоў да людзей і да Беларусі, і я хачу гэта рэалізаваць. На якой гэта будзе пасадзе, для мяне ня важна. Але я дакладна ведаю, што гэта будзе. Я хачу жыць у той краіне, пра якую мару і за якую змагаюся. І раблю кожны дзень тое, што залежыць ад мяне і маіх кампэтэнцый. Важна, каб чалавек быў гатовы працаваць у камандзе дзеля будучыні Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Надзелі капюшон, далі маску і паклалі на задняе сядзеньне». Кавалькова расказала, як яе вывозілі зь Беларусі