Кіраўніцу ўраду Нарвэгіі аштрафавалі за парушэньне карантыну

Прэм’ер-міністарка Нарвэгіі Эрна Сульбэрг

У Нарвэгіі паліцыя аштрафавала прэм’ер-міністарку краіны Эрну Сульбэрг за парушэньне карантынных абмежаваньняў падчас сьвяткаваньня яе 60-годзьдзя.

Пра гэта паведамляе Reuters, адзначаючы, што ў Нарвэгіі з прычыны каранавірусу дазволена зьбірацца групамі толькі па 10 чалавек, а на два мерапрыемствы ў рэстарацыі і ў кватэры Сульбэрг у лютым з нагоды яе дня нараджэньня прыйшлі 13 і 14 чалавек.

Паводле начальніка паліцыі Оле Сэвэруда, у большасьці такіх выпадкаў паліцыя не наклала б штраф на грамадзяніна, але прэмʼер-міністар займаецца пытаньнямі ўвядзеньня каранавірусных абмежаваньняў.

«Таму правільна было накласьці штраф, каб падтрымаць давер грамадзтва да правілаў сацыяльнага дыстанцыяваньня», — сказаў ён.

Кіраўніцу нарвэскага ўраду аштрафавалі на 20 000 нарвэскіх кронаў (2,3 тысячы эўра).