Законапраект: пад абаронай дзяржавы будуць усе супрацоўнікі праваахоўных і кантрольных органаў

Міліцыянты ў цывільным сьведчаць у судзе супраць блогера Сяргея Ціханоўскага. Архіўнае фота

Законапраект «Аб дзяржаўнай абароне» прадугледжвае, што ўсе асобы, у дачыненьні да якіх у МУС паступіць зварот ад кіраўніка дзяржоргана пра пагрозу замаху на іх жыцьцё, здароўе або маёмасьць, трапяць пад абарону з боку ўладаў.

Раней аналягічны закон распаўсюджваўся на судзьдзяў, супрацоўнікаў праваахоўных і наглядных органаў. Як вынікае з дакумэнта, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, цяпер сьпіс пашыраецца на вайскоўцаў і цывільны пэрсанал органа дзяржаўнай аховы, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру і ўсіх, хто мае права на дзяржаўную абарону ў сувязi з замахам на іх бясьпеку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя законы вернуць Беларусь нават ня ў брэжнеўскія, а ў сталінскія часы

Такім чынам, пад службовымі асобамі разумеюць ня толькі пракурораў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і дзяржбясьпекі, унутраных войскаў МУС, Сьледчага камітэту, Камітэту судовых экспэртыз ды іншых, а і цывільны пэрсанал ведамстваў.

Кожны са згаданага пераліку, а таксама яго блізкія, атрымаюць шырокі спэктар спосабаў абароны — ад пераводу на іншую службу да зьмены аблічча са згоды самога чалавека. Падставай будзе заява на імя старшыні суду ці кіраўніка дзяржоргана, у якім працуе ці служыць канкрэтная асоба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назвалі 5 новых палітвязьняў, пакараных за абразу прадстаўнікоў улады. Цяпер такіх у Беларусі 342

Жыцьцё і здароўе судзьдзяў, службовых асобаў праваахоўных і кантрольных органаў, вайскоўцаў дзяржаўнай аховы, ААЦ, а таксама іх блізкіх падлягаюць абавязковаму страхаваньню за кошт сродкаў бюджэту.

У выпадку гібелі, сьмерці або прычыненьня цялеснага пашкоджаньня выплачваецца страхавая сума. Калі такое здарыцца з цывільным супрацоўнікам дзяржорганаў, яго сям’я атрымае аднаразовую дапамогу ў памеры да 10-гадовага грашовага ўтрыманьня загінулага.