За два дні да канцэрту Ўпраўленьне культуры Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, «вывучыўшы матэрыялы і тэксты песень», анулявала раней выдадзенае гастрольнае пасьведчаньне на права правядзеньня канцэрту, — патлумачыў расейскі гурт «Каста» прычыны зрыву канцэрту ў сваім «Інстаграме».
Паводле гурту, арганізатар робіць усё магчымае, каб канцэрт адбыўся пазьней. І неўзабаве яны паведамяць, ці гэта перанос, ці адмена выступленьня.
У камэнтарах людзі выказваюць падзяку гурту за пазыцыю і выказваюць надзею, што яны неўзабаве зайграюць «у новай Беларусі».
Летась рэпэры актыўна падтрымалі беларускі пратэст і выпусьцілі рэзанансны кліп пра жорсткасьць сілавікоў.
Шэраг праўладных Telegram-каналаў некалькі дзён таму пісалі, што канцэрту ня будзе. Аўтары папракалі гурт, што ў сваім кліпе «Выходи гулять» музыкі «нядвухсэнсоўна заклікалі на несанкцыянаваныя акцыі і паказалі ў абсалютна нэгатыўным сьвятле сілавікоў, якія насамрэч займаюцца навядзеньнем парадку».
«Паводле законаў Беларусі, масавыя мерапрыемствы, у тым ліку клюбныя канцэрты, прадугледжваюць ажыцьцяўленьне аховы і заключэньне дамовы з МУС. Такое пагадненьне з арганізатарамі канцэртаў „Касты“ на тэрыторыі краіны падпісанае ня будзе», — тлумачыў немагчымасьць выступу канал праўладнай «Белай Русі».
Сярод іншага рэпэрам прапанавалі публічна пакаяцца на «Славянскім базары» ў Віцебску.
Летась удзельнікі гурту ня толькі падтрымалі пратэстоўцаў, а нават пагадзіліся на бясплатную онлайн-трансьляцыю свайго канцэрту на дваровай сустрэчы ў жылым комплексе «Менск Сьвет», дзе пажадалі беларусам новага прэзыдэнта.
Сьледам артысты выпусцілі кліп «Выходи гулять» з адсылкамі да падзеяў у Беларусі. Ужо тады выканаўца Міхаіл Епіфанаў адзначаў, што справай прынцыпу было выказацца, нягледзячы на пагрозу адмены красавіцкага канцэрту.
Той кліп за чатыры месяцы паглядзелі больш за 8 мільёнаў разоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мару ўзялі ў палон, але зіма сыдзе імкліва». Nizkiz прэзэнтаваў новую песьню