Галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў паведаміў, што з другога паўгодзьдзя ня будзе падпіскі праз «Белпошту», бо так прадпрыемства вырашыла ў аднабаковым парадку. Летась выданьне забаранілі прадаваць праз кіёскі «Белсаюздруку».
Гэтаксама «Белпошта» даслала ліст выдаўцам часопісаў «Наша гісторыя», «Асьцярожна: дзеці!» і «Дуду» пра тое, што разрывае дамову ад ліпеня. У сакавіку ад рэалізацыі гэтай друкаванай прадукцыі адмовіўся іншы дзяржаўны манапаліст, «Белсаюздрук», а таксама кнігарні дзяржаўнай «Белкнігі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нейкі момант выбухне так, што накрые з галавой усіх і ўсё». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Нашай нівы»
У сувязі з гэтым выдаўцы «Нашай гісторыі» заявілі пра запуск уласнай сыстэмы падпіскі. Падобная схема дзейнічала ў 2006–2008 гадах, калі выкінулі з кіёскаў і падпіскі газэту «Наша ніва».
Каб атрымліваць часопісы, пачынаючы з № 7 (ад ліпеня), трэба па спасылцы запоўніць гугл-анкету з кантактнымі зьвесткамі. На гэтым этапе нічога аплочваць ня трэба — зьвесткі патрэбны для разьліку накладаў.
Бліжэй да ліпеня запрацуе сайт «Наша крама» (nashakrama.by), на якім можна будзе аплаціць падпіску на другое паўгодзьдзе ці на любы месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белсаюздрук» адмовіўся прадаваць папулярныя часопісы «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!»