Журналісты, якія на гэтым тыдні выйшлі пасьля адбыцьця адміністрацыйных арыштаў на Акрэсьціна, расказалі пра яшчэ адзін від парушэньня правоў зьняволеных, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У турме на Акрэсьціна шточацьвер прымаюць вельмі абмежаваныя перадачы для зьняволеных, але нават яны да арыштаваных не даходзяць — людзям аддаюць іх толькі пры вызваленьні.
Былыя вязьні адзначылі, што бачылі праз вокны сваіх родных, бачылі перадачы. Але атрымалі іх толькі праз тыдзень, пры выхадзе на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачулі сьмех у камэры — адключаюць цяпло». Пэнсіянэрка пасьля сутак пра тое, як дзяржава ставіцца да жанчынРаней вязьні неаднаразова паведамлялі пра нечалавечае стаўленьне адміністрацыі ізалятараў. У прыватнасьці, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў і лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч расказалі пра хлёрку, якую разьлівалі ахоўнікі на падлогу ў камэрах. Вядома, што некалькі чалавек атрымалі апёкі твару празь немагчымасьць нармальна дыхаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Завялі ў душ і пачалі зьбіваць палкай. Маёр назіраў». Дзяніс Урбановіч пра зьдзекі ў ЖодзінеУрбановіч таксама расказаў і пра іншыя зьдзекі, якія аднавіліся ў Жодзіне з пачатку красавіка. На Акрэсьціна ў Менску, паводле наяўнай інфармацыі, таксама працягваюцца зьдзекі з арыштаваных.
Катаваньні і нечалавечае абыходжаньне са зьняволенымі адлюстраваныя ў апошніх дакладах Дзярждэпартамэнту ЗША і праваабаронцаў з Amnesty International аб сытуацыі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International пра Беларусь у 2020-м: ганеньні на незалежныя аб’яднаньні, мэдыкаў, журналістаў і нечуваны гвалт ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У красавіку Камітэт супраць катаваньняў ААН разгледзіць сытуацыю ў Беларусі. Што гэта можа даць